$ 1 млрд для рэжыму Лукашэнкі


Джо Байдэн трапіў пад моцную крытыку за бяздзейнасць у справе Беларусі. А дакладней за тое, што прэзідэнт ЗША не мабілізуе адміністрацыі, каб спыніць Міжнародны валютны фонд ад выплаты мільярда долараў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Супраць выдачы актываў выступаюць і беларускія дэмакратычныя палітыкі.

Пасля крытыкі ў справе Афганістану амерыканскі прэзідэнт трапіў пад крытыку за слабасць у Еўропе. Выданне «The Washington Post» прысвяціла рэдакцыйную калонку закліку да Джо Байдэна і Міжнароднага валютнага фонду прыпыніць выплату рэжыму ў Беларусі $ 1 млрд рэзервавых актываў. Рашэнне МВФ мусіць набыць моц ужо ў гэты панядзелак.

«Мы бачым кейс Афганістану, мы бачым, як хутка адрэагавалі ЗША, Міжнародны валютны фонд, і заблакаваў магчымасць выкарыстання нелегітымнымі ўладамі Афганістану гэтымі сродкамі. Таму мы ставім пытанне наўпрост: ці Лукашэнка, ягоныя структуры маюць права распараджацца сродкамі, калі яны не прызнаныя большасцю краінаў свету. І гэтую большасць трэба атрымаць», – кажа Павел Латушка: кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Гэты $ 1 млрд – не золата і банкноты, а SDR – Спецыяльныя правы пазычання. Штучна створаны рэзервавы і плацежны сродак увёў сам Міжнародны валютны фонд. Сродкі ідуць краінам – чальцам МВФ адпаведна эканамічнаму ўзроўню, каб дапамагчы супрацьстаяць пандэміі каронавіруса.

«Гэта такое спецыяльнае права займання, гэта нейкі сурагат валюты, сурагат крэдыту, які краіна можа ўзяць пад вельмі нізкі адсотак. Гэтымі грашыма нельга расплочвацца на рынку, купляць заводы ці параходы, затое гэтымі грашыма можна выплочваць свой дзяржаўны доўг», – тлумачыць Леў Львоўскі, эканаміст Цэнтру даследаванняў BEROC.

Таксама Нацбанк Беларусі зможа ўключыць гэтыя плацежныя сродкі ў свой золатавалютны рэзерв. А значыць, чыноўнікі змогуць скіраваць эквівалент мільярда долараў на іншыя мэты.

«Мы разумеем, што гэтыя грошы будуць скіраваныя не на тое, каб змагацца з каронавірусам, не ў падтрымку медыкам, не на дапамогу хворым людзям, а на тое, каб умацаваць рэпрэсіўны апарат, каб плаціць грошы сілавікам, прапагандыстам, суддзям, следчым», – перакананы Валерый Кавалеўскі, кіраўнік офісу Святланы Ціханоўскай.

Дэмакратычныя сілы Беларусі праводзяць кампанію супраць гэтых выплатаў.

У сераду Святлана Ціханоўская абмяркоўвала замарозку мільярда Лукашэнкі са старшынём Еўрапарламенту Давідам Сасолі. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне ўжо 2 месяцы вядзе ліставанне з урадавымі структурамі краінаў – донараў МВФ: Брытаніі, ЗША, Нямеччыны, Японіі; звяртаецца да Рады кіраўнікоў фонду. Ёсць разуменне сітуацыі ў Еўрапарламенце, Палаце лордаў Вялікай Брытаніі, у групе амерыканскіх кангрэсменаў – сяброў свабоднай Беларусі.

Беларуская дыяспара за мяжой пікетуе Міжнародны валютны фонд і праводзіць акцыі каля ўрадаў краінаў свету.

Варта памятаць, што МВФ – гэта не палітычная, а фінансавая арганізацыя, але пытанне правоў чалавека важнае для большасці яе чальцоў.

«Па нашых падліках прыкладна 56% сусветнай эканомікі ў МВФ належыць тым краінам, якія падтрымліваюць дэмакратычныя пераўтварэнні Беларусі, якія не прызнаюць уладу Лукашэнкі. Таму мы звяртаемся менавіта да гэтых краінаў», – кажа Павел Латушка.

Калі ў панядзелак МВФ не перадумае выдаць мільярд Лукашэнку, ёсць план «Б», кажа Павел Латушка, – гэта блакаванне SDR іншымі метадамі.

Адмена выплаты будзе яшчэ і моцным іміджавым ударам па дзяржаўных органах Беларусі, тлумачыць эканаміст Леў Львоўскі:

«Іншыя Цэнтрабанкі будуць разумець, што наш Нацбанк больш не прызнаецца міжнароднай супольнасцю. Таму весці з ім справы па розных кірунках цяпер будзе пагрозай – пагрозай невыплатаў, тым, што гэта проста нейкі сход людзей, якія сядзяць у будынку Нацбанка».

Гэта будзе ўдар і па стасунках рэжыму Лукашэнкі з Расеяй і Кітаем, дзе бізнес рэзка рэагуе на такія змены. Дый санкцыі Еўразвязу і ЗША, хоць і не набылі поўнай моцы, ужо маюць свой эфект. Прэмʼер Раман Галоўчанка прасіў дапамогі ў партнёраў з Еўразійскага эканамічнага саюзу на паседжанні міжурадавага савету ў Кыргызстане:

«Адбываецца ўзмацненне знешняга ціску на дзяржавы-чальцы Саюзу. Абмежаванні ўведзеныя нават адносна беларускага фінансавага сектару. Мы не зацікаўленыя, каб эканоміка станавілася закладніцай палітычнага прэсінгу».

Як тлумачыць Павел Латушка, дэмакратычныя сілы заклікаюць да санкцыяў супраць Лукашэнкі не назло айчыннай эканоміцы, а каб рэжым пайшоў на саступкі: каб адбылося вызваленне палітвязняў, расследаванне злачынстваў сілавікоў і новыя дэмакратычныя выбары. Тады мільярд ад МВФ вельмі прыдасца Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»