Сяргей Таміленка: «Мы памятаем, і пытанне, хто забіў Паўла, па сённяшні дзень на вуснах журналістаў»

Шэсць гадоў таму ў цэнтры Кіева быў падарваны аўтамабіль з вядомым беларускім журналістам Паўлам Шараметам. Журналіст, якога Аляксандр Лукашэнка назваў заходнім шпіёнам і пазбавіў беларускага грамадзянства, загінуў. Як з тае пары прасунулася следства, ці ёсць адказ на пытанне, хто забіў Паўла?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Шклянка гарэлкі, акраец хлебу, фотаздымак і свежыя кветкі да мемарыяльнага знаку – кіяўляне згадалі трагедыю, што адбылася ў цэнтры ўкраінскай сталіцы шэсць гадоў таму.

«Мы памятаем, і пытанне, хто забіў Паўла, па сённяшні дзень на вуснах журналістаў, яно стаіць перад нашым грамадствам. І якія б фактары ні былі, мы ўсё адно патрабуем справядлівасці ды шануем памяць Паўла», – адзначыў старшыня Нацыянальнага Саюзу Журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.

Павел Шарамет вядомы беларускі, расейскі, а потым украінскі журналіст, стваральнік сайта «Беларускі партызан» – ён рэзка крытыкаваў рэжым Лукашэнкі. 20 ліпеня 16-га года журналіст спяшаўся на ранішні эфір. Калі ягоная машына выехала на скрыжаванне вуліцаў Івана Франка і Багдана Хмяльніцкага, грымнуў выбух. Тэле- і радыёвядоўца Тэцяна Іваньска выйшла ў эфір без Паўла, думала, калега спазняецца. Пра трагедыю даведалася з навінаў.

«Я вельмі марыла прачытаць навіну пра тое, што ён у цяжкім стане недзе ў лякарні. Але, на жаль, чарговы выпуск навін, прыйшла мая калега, чарговы выпуск навін і пацвердзілася, што Паша загінуў». – узгадвае Тэцяна Іваньска.

Больш за 200 тамоў следчых матэрыялаў, амаль 4 тысячы апытаных, больш за 80 тысяч прааналізаваных тэлефонных размоваў. Гучная заява ў 19-м годзе тагачаснага міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава аб раскрыцці справы, затрыманне траіх падазраваных і нават некалькі судовых паседжанняў. Аднак дакладнага адказу на пытанне, хто забіў Паўла, пакуль няма.

«Ёсць працэс, ёсць пэўныя падазрэнні, ёсць нейкія абвінавачанні, нейкія судовыя паседжанні. Але гэты працэс не пераконвае, што сапраўды гэтае забойства, гэтае злачынства раскрытае і што сапраўды будзе належнае пакаранне фігурантам», – кажа Сяргей Таміленка.

Летась былы сілавік Ігар Макар апублікаваў аўдыязапіс размовы 2012 года тагачаснага старшыні беларускага КДБ Вадзіма Зайцава з падначаленымі. На ёй Зайцаў казаў пра неабходнасць ліквідацыі Шарамета. Экспертыза пацвердзіла аўтэнтычнасць запісу. Аднак пацвердзіць беларускі след у забойстве следству пакуль не ўдалося.

«Зараз в Украіне яго не хапае, ён вельмі любіў Украіну, ён не бачыў гэтага ў сваёй роднай Беларусі», – узгадвае сябра журналіста Генадзь Чыжыкаў.

Паўла Шарамета пахавалі на Паўночных могілках пад Менскам. Яму было 44 гады.

Антон Каменскі, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама