Пяць гадоў без паўла Шарамета


7:45 раніцы ў Кіеве. Мужчына без прытомнасці на асфальце – вядомы беларускі журналіст Павел Шарамет. Яго не стане праз некалькі хвілінаў, у карэце хуткай дапамогі.

На кадрах з камераў відэаназірання бачны момант выбуху. Гэта здарылася на перакрыжаванні вуліцаў Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве, Павел Шарамет жыў і працаваў непадалёк. Той раніцай ён, як і звычайна, ехаў аўтам на «Радио Вести». Ад дому паспеў ад‘ехаць некалькі дзясяткаў метраў.

Цяпер на месцы забойства мемарыял – змяты ліст паперы, адліты з бронзы, як сімвал журналісцкага слова. Другі год запар у гадавІну смерці Паўла ягоныя калегі і сябры збіраюцца тут, каб ушанаваць памяць загінулага.

«У мяне гэтая футболка, яна з першых гадавінаў, калі Паўла забілі. І я надзяваю яе кожны год, і вось ужо пяты раз запар. І кожны год я спадзяюся, што гэта апошні, калі я яе надзяваю, і больш яна мне не спатрэбіцца, я змагу яе выкінуць. Але штогод мне прыходзіцца яе надзяваць і прыходзіць сюды, каб нагадаць, што забойства не раскрытае», – кажа журналіст інтэрнэт-выдання «Украинская Правда» Раман Раманюк.

На забойства Шарамета ўкраінскія ўлады адрэагавалі імгненна. На аператыўным паседжанні ў той жа дзень Пётр Парашэнка назваў расследаванне «справай гонару». Прыярытэтнай версіяй матыву забойства назвАлі журналісцкую дзейнасць загінулага.

Аднак праз год справу засакрэцілі. Яшчэ праз два гады затрымалі падазраваных. Арганізатарам тэракту следства называе Андрэя Антоненку; выканаўцай, якая падклала выбухоўку, – Юлію Кузьменку. Маўляў, такім чынам удзельнікі Антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе хацелі дэстабілізаваць становішча ва Украіне. Абое адмаўляюць сваю датычнасць да забойства.

«Мы не чуем новых звестак. Мы ў тым ліку бачым дзіўныя паводзіны ў судзе: падазраваных адпускаюць пад хатні арышт пры тым, што нічога не мяняецца ў справе», – распавядае галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Украинская Правда» Сэўгіль Мусаева.

«Журналісты знайшлі інфармацыю пра сачэнне СБУ, пра іншыя рэчы. І следства намагалася гэта схаваць ад грамадства», – распавядае журналіст-аналітык руху «Чесно» Сяргей Агароднік.

Шарамет заўважаў, што за ім сочаць, і распавядаў пра гэта сябрам і калегам.

«Няма адказу на пытанне «Што адбылося?». У Пашавым жыцці, як у люстэрку, я б сказала, адлюстраваліся праблемы ўсіх трох нашых краінаў, якія ніяк не пазбавяцца наступстваў гэтай савецкай сістэмы, калі журналістаў за прафесію можна забіваць», – кажа былая калега і сяброўка Паўла Шарамета Святлана Калінкіна.

Існуе яшчэ адна версія забойства Паўла Шарамета. На пачатку года еўрапейскае выданне «EUobserver» абнародавала аўдыязапіс размовы з голасам, падобным да голасу былога кіраўніка КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. На ім абмяркоўвалася магчымасць забойства палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Каманда праграмы «Белсату» «Давайце разбірацца» правяла сваё расследаванне гэтай версіі. Рэпартаж глядзіце адразу пасля «Аб’ектыву», а 21:20 паводле Менску.

Надзея Бельская, «Белсат»