20 чэрвеня адзначаюць Усясветны дзень уцекача


«Бачыць яе разгубленай, згубленай, яна апусціла рукі, яна не ведае, што казаць… Я нясу гэты ўспамін з болем у сэрцы», – гэтак Кацярына згадвае развітанне з маці перад уцёкамі з Беларусі. Жыхарка Берасця была фігуранткаю знанай «карагоднай справы». Праз некалькі месяцаў пасля затрымання, у лютым 2021-га, яна разам са сваім хлопцам уцякла ў Польшчу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі мы трапілі ў дом, дзе нас сустрэлі нашыя сябры і тут я адчула дзікі страх. То бок тут я зразумела нарэшце, што я з’ехала, што я не ўдома. І я баялася, што я без працы, што я не асабліва разумею, што мне рабіць, што я не ведаю мовы», – узгадвае Кацярына.

Паводле ААН, кожную хвіліну два дзясяткі асобаў не са сваёй волі пакідаюць уласнае жытло. Агульная колькасць людзей, якіх вымусілі перамяшчацца пераслед, вайна, голад ці іншыя прычыны, можа сягаць 120-ці мільёнаў. Гэта на 10 мільёнаў больш як летась.

«На жаль, калі не адбудзецца зрухаў у міжнароднай геапалітыцы, я мяркую, што лічба будзе расці. Можа быць, нязначна, калі нам пашанцуе і не ўзнікне новых канфліктаў. Але неразвязанне старых праблемаў азначае, што колькасць уцекачоў будзе павялічвацца», – кажа вярхоўны камісар ААН у справах уцекачоў Філіпа Грандзі.

Летась у верасні ААН паведамляла, што, паводле розных ацэнак, у выгнанні жывуць ад двухсот тысячаў да мільёна беларусаў. Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун у эфіры тэлеканалу ОНТ 18-га студзеня называў сваю лічбу:

«За 2021-2022 год пакінула тэрыторыю Беларусі больш за 200 тысяч грамадзянаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чыгуначны вакзал. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Далёка не ўсе яны, нават калі ўцяклі ад пераследу, маюць афіцыйны статус уцекача.

«Беларусы хацелі б не быць уцекачамі.Вельмі часта яны абіраюць іншыя шляхі легалізацыі, напрыклад, на падставе працы ці паяднання з сямʼёй, ці вучобы, але ў апошнюю чаргу ўсё ж звяртаюцца па міжнародную ахову, праз дакументы, калі ў іх няма выбару. Але ж вельмі цяжка ім гэта прыняць», – адзначае кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.

Адмоўна ўплывае масавая эміграцыя не толькі на ўцекачоў, але і на краіну, з якой уцякаюць. Лукашэнкаўскія ўлады прызнаюць дэфіцыт кадраў: гэтак, паводле Белстату, на пачатак траўня ў краіне бракавала 145 тысячаў працаўнікоў. Не кожнага з іх можна замяніць замежнікам, як плануе рэжым.

«Найперш вымушаныя да эміграцыі колы нацыянальных элітаў: творчай інтэлігенцыі, навуковай, людзей, што моцна ўцягнутыя ў працэс выхавання грамадства, яго аздараўлення», – падкрэслівае філосаф Павел Баркоўскі.

У сітуацыі, калі ў краіне публічная прастора цалкам знішчаная рэжымам, беларусы намагаюцца не толькі ўладкавацца за мяжой, але і стварыць там уласную публічную прастору – развіваць культурніцкія праекты, дапамагаць сваім і шанаваць чужое. Кацярыне дапамагае перажыць вымушаную эміграцыю любоў да Варшавы:

«Я заўсёды вяртаюся да ейнай гісторыі, як яна сама была знішчаная, як была разбураная. І ўсведамляючы тое, што яна паўстала з попелу і як людзі над гэтым працавалі, мне падаецца, што яшчэ ўсё будзе добра».

Восемдзесят адсоткаў беларусаў, якія эмігравалі пасля 2020 года, збіраюцца вярнуцца ў краіну пры ўмове, што ў ёй зменяцца ўлады. Такі прамежкавы вынік апытання ад даследчага цэнтру BEROC пры падтрыманні праекту «VisiBYlity».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»