Загінуў прэзідэнт Ірану. Што зменіцца?


У Іране ўзнялі чорныя сцягі. Пяцідзённую жалобу абвесцілі пасля гібелі прэзідэнта краіны. Эбрагім Раісі разбіўся на верталёце, разам з ім загінулі некалькі высокіх чыноўнікаў ды рэлігійных асобаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта сумная навіна не толькі для мяне, але і для шматлікіх людзей у краіне. Урэшце ён абраны прэзідэнт Ірану».

«Калі ўчора гэта адбылося і калі сёння раніцай гэтая навіна пацвердзілася, мы сапраўды адчулі, што страцілі важнае падтрыманне і сілу», – кажуць жыхары Тэгерану, сталіцы краіны.

Эбрагім Раісі вяртаўся верталётам з іранскай правінцыі на мяжы з Азербайджанам, дзе ён з прэзідэнтам суседняй краіны Ільхамам Аліевым удзельнічаў у цырымоніі адкрыцця дамбы на рацэ Аракс. Паводле іранскіх дзяржаўных медыяў, у горнай мясцовасці побач з горадам Варзаган верталёт «зрабіў цвёрдую пасадку». Высокія чыноўнікі ў краіне вінавацяць у трагедыі складаныя ўмовы надвор’я.

«Многія таксама не скідвалі з рахунку прынамсі зношанасць авіяпарку ў Іране. Як вядома, краіна шмат гадоў знаходзіцца пад санкцыямі і авіяцыя моцна цярпіць праз гэта», – кажа ўсходазнаўца, аўтар тэлеграм-каналу «Сулейманов» Руслан Сулейманаў.

Іранскі палітычны аналітык Араш Азізі са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе краіны агучыў версію, што прэзідэнта маглі забіць. З гэтым не згодны эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін:

«Наадварот, гэта фактар нестабільнасці, які можа пагражаць у пэўнай ступені не толькі Ірану, але і навакольным краінам. Пагражаць у тым сэнсе, што можа больш радыкалізму пайсці ў палітыцы самога Ірану».

Эбрагім Раісі.
Фота: @raisi_com / X

Але версію замоўленага забойства могуць выкарыстаць унутры краіны.

«У Іране нямала сілаў, якія пастараюцца менавіта такім чынам згуртаваць масы ў агульнай нянавісці да “агульнага ворага” – Ізраілю, або да “вялікага сатаны” – Злучаных Штатаў. Я мяркую, што так ці інакш гэта будзе выкарыстана для мабілізацыі грамадскай думкі, прынамсі тых іранцаў, што падтрымліваюць урад», – кажа ізраільскі палітолаг Міхаэль Пэлівэрт.

У Іране прэзідэнт не ёсць першай асобай, ён узначальвае кабінет міністраў. Краінай жа фактычна кіруе вярхоўны духоўны лідар ці рагбар. Цяпер гэта аятала Сэед Алі Гусэйні Хамэнэі. А знешнепалітычныя рашэнні прымаюцца ўвогуле без удзелу прэзідэнта, кажа Руслан Сулейманаў:

«Самы яркі прыклад – гэта рашэнне пра пачатак паставак узбраення Расеі, па сутнасці падтрымка расейскай агрэсіі супраць Украіны. Гэтае рашэнне было прынятае рагбарам з вайскоўцамі, сілавікамі, без уліку меркавання дыпламатаў, і многія перакананыя, што без уліку меркавання прэзідэнта Раісі».

Эбрагім Раісі перамог на прэзідэнцкіх выбарах у 2021-м годзе. Яго называлі прыхільнікам жорсткай лініі і ў замежнай, і ва ўнутранай палітыцы.

«У прэзідэнта Раісі на руках больш крыві, чым у любога іншага чыноўніка Ірану. Значную частку карʼеры ён правёў у судовай сістэме. У 1980-х гадах, што былі самым крывавым дзесяцігоддзем Ісламскай рэспублікі, пакаралі смерцю тысячы дысідэнтаў. У 1988 годзе ён уваходзіў у склад смяротнай камісіі з некалькіх асобаў, што адправіла на смерць больш за тры тысячы палітычных зняволеных», – кажа палітычны аналітык Араш Азізі.

Жалобу з нагоды гібелі іранскага прэзідэнта абвесцілі ў Ліване і Пакістане, спачуванні выказалі суседнія краіны, а таксама Еўразвяз. Злучаныя Штаты, што не маюць дыпламатычных стасункаў з Іранам, смерці прэзідэнта не каментавалі. Пуцін назваў Раісі сябрам Расеі, а Лукашэнка – сябрам Беларусі. Летась падчас візіту Лукашэнкі ў Тэгеран іранскі прэзідэнт заявіў, што Іран гатовы падзяліцца з Беларуссю досведам супрацьстаяння санкцыям. Сёлета Раісі чакалі з візітам у Менску. Смерць прэзідэнта нічога не зменіць у беларуска-іранскіх стасунках, мяркуе Яўген Красулін:

«Раісі для рэжыму быў прэзідэнтам адной з нешматлікіх краін з якой яшчэ можа падтрымліваць адносіны. Гэта не столькі персона колькі функцыя. Раісі выконваў функцыю лідара сяброўскай для рэжыму краіны».

Цяпер гэтую функцыю будзе выконваць іншая асоба. Абавязкі прэзідэнта Ірану пераняў першы віцэ-прэзідэнт Магамад Махбэр. Цягам 50-ці дзён ён мае арганізаваць новыя выбары.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»