Набліжаюцца выбары ў Каардынацыйную раду


Да выбараў новага складу Каардынацыйнае рады засталося 4 дні. Узяць удзел у галасаванні, якое пройдзе 25-27 траўня, змогуць усе ўладальнікі беларускага пашпарта. Нават пратэрмінаванага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пад выбары каманда Паўла Лібера распрацавала адмысловую праграму –«Belarus ID», якую можна спампаваць на мабільны тэлефон.

«Мы лічым, што гэтыя выбары бяспечныя, пры ўмове, што людзі, якія скарыстаюцца гэтай прыладай, гэтую прыладу выдаляць са сваіх тэлефонаў. І такім чынам выдаляць сляды з Apstore і Google Play Market», – казала ў эфіры «Белсата» старшыня выбарчай камісіі Каардынацыйнай Рады Алена Прыходзька.

Аднак напярэдадні журналістка «Белсату» пратэставала «Belarus ID». І высветліла, што праграма дазваляе прагаласаваць з «падробленым» пашпартам – вырабленым у хатніх умовах і раздрукаваным на звычайным прынтары.

«У нас зараз тэставая версія – яна, хутчэй, для таго, каб паказаць працэс. Таму, па-першае, там адключана частка праверак. Па-другое, вельмі важна, што нават тыя праверкі, якія ў нас паказваюцца як праверкі з падвышанай рызыкай, мы прапускаем, таму што мы самі глядзім, які адсотак такіх рызыкоўных транзакцый. Чаму мы гэта прапускаем, таму што нам вельмі цікава зразумець, якія ў нас узнікаюць сітуацыі», – растлумачыў Павел Лібер.

Беларусам унутры краіны не рэкамендуюць спампоўваць праграму «Belarus ID» да 25 траўня. Бо ў гэты дзень арганізатары апублікуюць інструкцыю аб выдаленні лічбавых слядоў.

«Кіберпартызаны абавязкова паглядзяць, наколькі бяспечнае гэтае прыкладанне. На гэты момант яны кажуць, што не магчыма цалкам бяспечна спампаваць і выдаліць прыкладанне, калі пампуеш з iOS на Apstore. Тое самае хутчэй за ўсё можна сказаць пра сістэмы Android. Таму Кіберпартызаны вельмі раяць, каб зрабілі ўэб-версію», – зазначае афіцыйная прадстаўніца «Беларускіх кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

«Зноўку гэта ўсё дапільваецца літаральна перад самім днём галасавання. Нягледзячы на тое, што, калі няма часу выпрацаваць бяспечнае рашэнне, якое можна пратэставаць, то трэба было яшчэ адкладаць гэтую працэдуру выбараў», – дадае палітолаг Анатоль Котаў.

Аднак пакуль, падобна, гэтае пытанне перад прадстаўнікамі выбарчай камісіі не стаіць. Не ўздымалі яго і ўдзельнікі ўчарашняй канферэнцыі, прысвечанай электаральнай кампаніі. Анатоль Котаў тлумачыць:

«Як будуць выглядаць гэтыя выбары, было прынамсі абвешчана за паўгода да тэрміну сканчэння паўнамоцтваў Рады другога склікання. На жаль, за гэты час працэдуры, якія былі б прасцейшыя, больш празрыстыя і ў пэўным сэнсе больш прасунутыя і дасканальныя, яны выпрацаваныя не былі».

Зрэшты, недасканаласць праграмы для галасавання не адзіны выпадак, што выклікаў пытанні да бяспекі людзей у гэтай электаральнай кампаніі. Яшчэ раней выявілася, што некалькі кандыдатаў з выбарчых спісаў пісалі даносы ў КДБ. Як толькі гэта стала вядома, іх кандыдатуры знялі. І цяпер арганізатары абяцаюць улічыць усе хібы.

«Усе заўвагі, што мы атрымліваем, ад кіберпатрызанаў, ад знешніх назіральнікаў мы прымаем, апрацоўваем і ўдакладняем, каб гэта было зразумела карыстальнікам і, канешне ж, нам таксама», – зазначае Алена Прыходзька.

Сёлета ў Каардынацыйную раду балатуюцца 265 кандыдатаў з 12 спісаў. З іх у склад прадстаўнічага органу пройдуць 80 чалавек, тэрмін іх паўнамоцтваў складзе два гады. Напярэдадні галасавання, 24 траўня, наш канал зладзіць выбарчыя дэбаты між прадстаўнікамі палітычных кааліцыяў у жывым эфіры а 21-й гадзіне.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»