«BELPOL»: рэжым Лукашэнкі зарабляе на вайне ва Украіне


Падсанкцыйныя прадпрыемствы вайсковай прамысловасці Беларусі працягваюць вырабляць дэталі для расейскіх танкаў. Дзеля абыходу санкцыяў рэжым Лукашэнкі стварыў шэраг фірмаў-пракладак і зарабляе на падсанкцыйнай прадукцыі вялізныя грошы. Пра гэта вядзецца ў новым расследаванні ініцыятывы «BELPOL» пад назваю «Зброевы барон, або Як Лукашэнка бярэ ўдзел у вайне?»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ні еўрапейскія санкцыі, ні эканамічныя абмежаванні ЗША і Канады не замінаюць беларускай кампаніі «Пеленг» зарабляць на вырабе прыцэлаў для расейскага войска.

«Гэта доказы не толькі ўдзелу. Гэта доказы віны рэжыму Лукашэнкі ў забойстве мірных грамадзян Украіны, разбурэнні гарадоў, генацыдзе ўкраінскага народу. А таксама гэта наўпроставы доказ заробку на ўсім гэтым», – кажа ў расследаванні прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

Сярод прадукцыі «Пеленгу» – танкавы панарамны прыцэл, што павышае дакладнасць баявой машыны пры нанясенні ўдару. У абыходзе санкцыяў кампаніі дапамагае шэраг прадпрыемстваў і заводаў, як беларускіх, гэтак і замежных. Вось толькі пра такую супрацу партнёры «Пеленгу» распаўсюджвацца не жадаюць.

«Гэтыя людзі баяцца таго, што пры захопе расейскай баявой тэхнікі ўкраінскія вайскоўцы ўсталююць вытворцу прыцэла. Інакш як растлумачыць той факт, што на налепках вырабленай кампаніяй прадукцыі знік надпіс “Made in Belarus”? Зніклі налепкі… А што здарылася?» – распавядае прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

У злачыннай схеме з беларускага боку ўдзельнічаюць: Менскі механічны завод імя Вавілава, «Рухсерваматор» і «Лабараторыя адытыўных тэхналогій». А таксама расейскі «Уралвагонзавод» і нібыта кітайская кампанія Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation, на чале якой стаяць беларусы. Паводле кантрактаў, што трапілі ў рукі «BELPOL», кампанія Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation павінна атрымаць ад угодаў з «Пеленгам» на $ 5,69 млн.

«Патрэбна разумець увесь ланцужок, трэба разумець, куды накіроўваць асноўныя высілкі. І грошы, якія ўкладзены ў гэты ланцужок, каб гэта ўсё прагарала. І трэба ўвесці столькі санкцыяў і такія моцныя, і такія кропкавыя, каб у пэўны момант кошт абыходу гэтых санкцыяў, каб яны – рэжым Пуціна, рэжым Лукашэнкі – увогуле не змаглі пацягнуць гэты кошт», – у эфіры праграмы «Тыдзень» заявіў прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу».
Аляксандр Лукашэнка. Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Пасля таго як «BELPOL» даведаўся пра закупку кампанентаў для вайсковай тэхнікі ў Вялікай Брытаніі праз фірму-пракладку, прадстаўнікі беларускай ініцыятывы паведамілі пра гэта брытанскаму парламенту і ўгоды сарваліся.

«Тое самае, калі стала вядома Тайваню, што пэўныя камплектуючыя збіраюцца закупаць у Тайваня.Тайвань усе гэтыя сувязі перарваў і павялічыў у 15 разоў штрафы для кампаніяў, якія працуюць з Беларуссю і Расеяй», – працягнуў прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Гэткім чынам, расследаванне выкрыла не толькі новыя факты датычнасці Лукашэнкі да ваенных злачынстваў ва Украіне, але і тое, што ўведзеныя санкцыі маюць свой эфект.

«Ужо зараз кітайскія банкі, асцерагаючыся другасных амерыканскіх санкцыяў, адмаўляюцца ад фінансавых аперацыяў з Расеяй. Па-другое, трэба ажыццявіць гарманізацыю гандлёвых санкцыяў, чаго мы дабіваемся ўжо доўгі час, паміж Расеяй і рэжымам Лукашэнкі, бо расследаванне паказала, што беларускія прадпрыемствы ВПК маглі атрымліваць камплектуючыя, у адрозненне ад расейскіх, з таго ж Тайваню», – лічыць кіраўнік НАУ, намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

У межах свайго расследавання пра «Пеленг» «BELPOL» таксама высветліў, што Расея плануе наступны буйны наступ на Украіну на пачатку лета. Пра гэта ініцыятыва абяцала распавесці больш падрабязней неўзабаве.

Аліна Скрабунова, «Белсат»