Скажы мне, хто твой сябар: Лукашэнка ў кампаніі дыктатараў


Камерун – краіна, дзе ёсць усё неабходнае, каб раскрываць свой патэнцыял і актыўна развівацца. Гэтак Лукашэнка напісаў у віншаванні свайму камерунскаму калегу Полю Бія з нагоды Нацыянальнага дня рэспублікі: «Упэўнены, што актывізацыя ўзаемадзеяння ў галінах сельскай гаспадаркі і забеспячэння харчовай бяспекі, прамысловасці, аховы здароўя, адукацыі, лясной гаспадаркі, жывёлагадоўлі адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам дзвюх краінаў і будзе спрыяць умацаванню традыцыйна дружалюбных стасункаў паміж нашымі народамі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

90-гадовы Поль Бія кіруе Камерунам больш за 40 гадоў. Сем разоў перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах з ашаламляльнымі вынікамі, нават 100 адсоткаў галасоў. Як і Лукашэнка, Бія змяніў Канстытуцыю, што дазволіла яму абірацца на пасаду неабмежаваную колькасць разоў. А беларускаму ўзурпатару нічога не застаецца, як знацца з падобнымі да сябе, адзначае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін:

«Паколькі з ім ніхто з прыстойных дэмакратычных лідараў не камунікуе, яму даводзіцца камунікаваць з такімі ж, як і ён, выгнаннікамі, таксічнымі людзьмі і спрабаваць неяк кампенсаваць свой брак легітымнасці – што сярод свайго народу, што сярод міжнароднай супольнасці».

Напярэдадні Лукашэнка прымаў у Менску міністра замежных справаў Нікарагуа. Кіраўнік гэтай рэспублікі Даньель Артэга – яшчэ адзін «вечны» прэзідэнт-дыктатар. Упершыню прыйшоў да ўлады ў 1979-ым годзе рэвалюцыйным шляхам. З 1990-га тройчы прайграваў на прэзідэнцкіх выбарах, вярнуўся на пасаду ў 2006-ым. З таго часу застаецца «за стырном». Пры гэтым сваіх палітычных апанентаў кідае за краты ці пазбаўляе грамадзянства. Легендарны кіраўнік, на думку Лукашэнкі:

«Я папрашу перадаць самыя цёплыя словы Даніэлю Артэгу ад імя беларускага народу, ад мяне асабіста. Мы захопленыя яго палітычнай дзейнасцю»

На ўчорашняй сустрэчы Лукашэнка казаў пра неабходнасць глыбокіх эканамічных стасункаў з Нікарагуа. З адною з найбяднейшых у Амерыцы краінаў. Беларусь нават запрасілі дапамагчы з будаўніцтвам Нікарагуанскага каналу, які мае стаць альтэрнатываю Панамскаму. Праект коштам 40–50 мільярдаў долараў зацвердзілі больш за 10 гадоў таму, але пасля замарозілі.

«Тут увогуле гэта, мне здаецца, чыста словы, рыторыка. Бо гэта палітычны хаўруснік Лукашэнкі, палітычны хаўруснік Пуціна і Кітаю. Таму хоць бы што прыдумаць, хоць бы дзе паўдзельнічаць і папілаваць кітайскія грошы, якія выдаткоўваюцца на гэты праект каналу», – мяркуе эканаміст Алесь Чайчыц.

Ці ёсць у Лукашэнкі магчымасці да кантакту з больш аўтарытэтнымі палітычнымі фігурамі, чымся кіраўніцтва Камеруну ці Нікарагуа? На думку Яўгена Красуліна, хутчэй, не. Дый сам Лукашэнка робіць для гэтага ўсё магчымае праз працяг мігранцкага крызісу, суагрэсію ў вайне Расеі ва Украіне. А колькасць палітычных вязняў у краіне перавысіла паўтары тысячы асобаў.

Ірына Юр’ева, «Белсат»