Што будзе ў музеі вольнай Беларусі ў Варшаве?


Ідэя адкрыць у Польшчы музей вольнай Беларусі належыць Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню, створанаму Каардынацыйнай радай увосень 2020-га.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На думку арганізатараў, адлік часу ўтварэння вольнай Беларусі пачынаецца ад пачатку апошняй прэзідэнцкай кампаніі. Тады творчы патэнцыял народу выбухнуў падчас вулічных пратэстаў і заявіў пра сябе арыгінальнымі плакатамі, графіці і перформансамі. Смех – асноўная зброя дэманстрантаў супраць узброеных сілавікоў.

Наталля Задзяркоўская, былая кіраўніца ўпраўлення нагляду за музеямі народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі, чалец Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, кажа:

«Шмат рэчавых прадметаў, якія захаваліся ў людзей, будзем прымаць. Гэта пратэставая атрыбутыка, гэта сцягі раёнаў, гэта ўнікальныя плакаты, якія рабілі і працягваюць рабіць беларусы. Гэта тое, што звязана з выбарчай кампаніяй: гэта бюлетэні, гэта пасведчанні назіральнікаў, гэта тое, што захавалі людзі з 2020 года».

Пасля рэферэндуму 1995 года, калі афіцыйныя ўлады ўзялі курс на русіфікацыю краіны, знішчэнне дэмакратычных інстытутаў і недзяржаўных медыяў, распачаліся вулічныя пратэсты. У адказ запрацаваў махавік рэпрэсіяў, які з кожным годам толькі набіраў абароты. На думку актывіста Змітра Хведарука, экспанатаў у музеі можа быць больш, бо станаўленне вольнай Беларусі пачалося раней за падзеі двухгадовай даўніны.

«Безумоўна, мы можам узгадаць такія моладзевыя арганізацыі, як “Зубр” і “Малады фронт”, якія ладзілі процьму крэатыўных акцый. Мы можам узгадаць парк Горкага, дзе адбываліся хакейныя баталіі без канькоў. Клюшкі, маскі Лукашэнкі, з якіх смяяліся нават супрацоўнікі міліцыі. Процьму сцягоў, крэатыўных расцяжак. Мы можам узгадаць галовы свінняў, якія адпраўлялі некаторым чыноўнікам, якія прымалі дрэнныя законы альбо займаліся карупцыяй. Хаця б узяць турэмную робу Паўла Севярынца за кожную адсідку».

Падчас збору подпісаў мала каму вядомы тады блогер Сяргей Ціханоўскі прапанаваў лозунг: «Стоп таракан». Яго сімвалам былі тапкі. Аднак іх хутка выцесніла нацыянальная сімволіка. Людзі самі выраблялі сцягі з падручных сродкаў. Улады нават забаранілі продаж тканіны белага і чырвонага колераў.

Юлія Юхно, актывістка італьянскай «Суполкі». кажа:

«Спачатку я рабіла белыя бранзалеты з сімвалам аб‘яднанага штабу Ціханоўскай, Калеснікавай, Цапкалы. Потым, калі сімволіка стала больш распаўсюджанай і з’явілася патрэба ў бчб-колерах, я пачала рабіць звычайныя бчб-бранзалеткі. Тут вось па-італьянску напісана. Вось: “Я выходжу”. Гэта я зрабіла, калі забілі Рому. Вось гэта я пачала рабіць, калі насіць звычайныя бчб было небяспечна. Вось ёсць яшчэ такая падманка, дзе на чорнай паласе напісана “чырвоны”. Ну і вось 23.34 – гэта ўсе зразумеюць. Гэта наш народны артыкул. Таксама карысталіся попытам. А былі і з Пагоняй, і “Жыве Беларусь”. Папросту цяпер іх няма ў наяўнасці».

Невядома, ці будзе перагледжаная канцэптуальная ідэя экспазіцыі і ці будуць змененыя яе храналагічныя рамкі. Пакуль жа для музею вольнай Беларусі ёсць памяшканне, але яно не ў Беларусі. Дый сама краіна не ёсць вольнай. У турмах станам на сёння – больш за дванаццаць соцень палітвязняў. Сотні тысяч беларусаў выехалі за мяжу. А на іх радзіме штодня адбываюцца ператрусы, затрыманні і арышты.

Любоў Лунёва, «Белсат»