Дар'я Лосік: «Псіхолаг СІЗА № 3 вучыла майго мужа, як правільна рэзаць вены, каб давесці пачатае да канца»


Сваё 30-годдзе Ігар Лосік сустракае ў гомельскім СІЗА № 3. За кратамі палітвязня трымаюць ужо 23 месяцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Напэўна такое прывітанне на будучыню майму мужу, калі ён выйдзе і ўбачыць гэта: “Ігар, я ведаю, што ў нас будзе з табой сумны юбілей -30 гадоў, і ты ў СІЗА, але я хачу, каб ты ведаў і быў упэўнены, што я раблю ўсё магчымае, каб ты хутчэй аказаўся побач з намі”», – звяртаецца да мужа Дар’я Лосік.

Адміністратару тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» далі 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле версіі Следчага камітэту, Лосік распальваў сацыяльную варожасць у адносінах прадстаўнікоў улады ды сілавікоў, арганізоўваў масавыя беспарадкі. Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўку і нават рэзаў жылы на знак пратэсту супраць жорсткіх абвінавачанняў.

«Псіхолаг СІЗА № 3 вучыла майго мужа, як правільна рэзаць вены, каб давесці пачатае да канца. Гэта быў адзіны выпадак, які мяне моцна раззлаваў», – распавядае Дар’я.

Апошні ліст, які Дар’я атрымала ад мужа, датаваны 11-га траўня. У ім гаворыцца пра тое, што толькі дзеля яе і дачкі Паўліны ён гатовы трываць гэтыя цяжкія ўмовы.

Паўліна Лосік. Студзень 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

Не ад каго, акрамя сваякоў, не прыходзяць лісты і Паўлу Спірыну, у якога таксама сёння дзень народзінаў.

Ірына Спірына, жонка палітвязня, запісала відэазварот:

«Сёння ў Пашы дзень нараджэння. На жаль, ён ужо другі год адзначае яго не ў сямʼі, а ў турме. У нас больш за год не было сустрэч. Цяпер зʼявіліся відэазванкі. Лістоў ён атрымлівае вельмі мала. Лісты ідуць ад сваякоў, ад іншых людзей лістоў цяпер не прапускаюць. Так што пішыце свае пажаданні ў каментарах. Я з задавальненнем зачытаю яму іх падчас наступнага відэазванка».

Павел Спірын атрымаў 4 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму за два фільмы, якія ён зняў. Адзін з іх – фільм «Грань» – унеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, іншы – «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм», паводле версіі суда, распальваў варожасць супраць работнікаў пракуратуры, суддзяў, дэпутатаў ды іншых прадстаўнікоў уладаў.

За распаўсюд інфармацыі распачалі новыя крымінальныя справы і супраць Яна Рудзіка ды Сцяпана Пуцілы. Цяпер іх абвінавачваюць у арганізацыі і кіраўніцтве дзейнасцю тэрарыстычнай арганізацыі NEXTA.

Сцяпан Пуціла – беларускі журналіст, аўтар і заснавальнік тэлеграм-каналу NEXTA. 20 кастрычніка 2020 года рашэннем суда Цэнтральнага раёну Менску канал NEXTA-Live і лагатып NEXTA прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Фота: ДД / Белсат

«Калі шчыра, я не вельмі здзівіўся, бо неяк з зайздроснай перыядычнасцю гэтыя крымінальныя справы ўзнікаюць. У наркаманіі і наркагандлі мяне яшчэ нядаўна абвінавачвалі, у тэрарызме-экстрэмізме было. Ну вось цяпер я ўжо кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі, практычна як ІДІЛ. Ну як сказаць, якая дзяржава, такія і тэрарысты. Так што я асабліва не здзівіўся», – смяецца незалежны журналіст Ян Рудзік.

Новы артыкул прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

«Лукашэнка ўвогуле быў аматар уладкоўваць «ператрахі» ўнутры свайго апарату, зараз ён робіць «ператрахі» сярод тых, да каго не можа дацягнуцца. Можа быць, яму так спакайней, бо сітуацыю ў краіне ён ужо даўно не кантралюе – ён знаходзіцца пад вонкавым кіраваннем Крамля, і можа, гэта для яго нейкая аддушына, каб разумець, што ён яшчэ вельмі важны», – разважае Ян Рудзік.

Без новых абвінавачанняў, аднак і без палёгкі. Андрэю Скурко і Ягору Марціновічу – кіраўнікам «Нашай Нівы» пакінулі ў сіле прысуд два з паловаю гады зняволення. Амаль палову з гэтага тэрміну яны ўжо правялі за кратамі.

Ніка Несцярэнка, «Белсат»