«ByPol» працягвае зрываць маскі з прыслужнікаў крывавага рэжыму дыктатара


«ByPol» апублікаваў чарговае расследаванне злачыннай дзейнасці сілавікоў рэжыму Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«ByPol» працягвае зрываць маскі з прыслужнікаў крывавага рэжыму дыктатара. Арганізацыя былых сілавікоў «ByPol» апублікавала другую частку свайго расследавання аб самай сакрэтнай службе Міністэрства ўнутраных справаў – Дэпартаменце забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці. Гэтым разам аўтары расследавання распавялі пра сістэму агентуры МУС, альбо гэтак званых негалосных супрацоўнікаў, сексотаў. Пры гэтым «ByPol» звяртае ўвагу на тое, што згода на супрацу часам выбіваецца з будучых агентаў сілаю. Ахвярам прымусовага вербавання прадстаўнік «ByPol» Алег Талерчык раіць не маўчаць.

«Тое, што вы падпішаце падобную заяву, – гэта нічога страшнага. Вы не становіцеся здрайцам народу, здрайцам сябе і сваёй сям‘і. Найлепшы спосаб дэзавуяваць гэтую заяву і ліквідаваць аператыўную цікаўнасць да вашай персоны – гэта распавесці пра дадзены факт сярод сваіх блізкіх. Але заяўляць трэба таксама таемна, не адкрыта, каб не было доказаў, што вы самыя распаўсюдзілі, што былі вымушаныя падпісаць дадзеную заяву», – тлумачыць Талерчык.

Олег Талерчик, представитель инициативы BYPOL
Алег Талерчык, прадстаўнік ініцыятывы «ByPol», былы супрацоўнік беларускай пракуратуры, супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Варшава, Польшча. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Добраахвотныя ж агенты сілавікоў дыктатарскага рэжыму за сваю дзейнасць атрымліваюць не самы малы заробак і карыстаюцца з розных сацыяльных выгодаў. З нашых з вамі кішэняў, падкрэсліваюць аўтары расследавання.

«Дзяржава за кошт сродкаў падаткаплатнікаў, то бок з нашай з вамі кішэні, выдаткоўвае велізарныя грошы не на дарогі, школы і больніцы, а на ўтрыманне агентурнай сеткі, пакліканай сачыць за ўласнымі грамадзянамі, а ва ўмовах дыктатуры – галоўным чынам за добрасумленнымі грамадзянамі, каб выкараніць усялякае іншадумства і нязгоду ў краіне».

І тут – самае галоўнае. «ByPol» раскрывае чарговую фэйкавую арганізацыю, пад прыкрыццём якой працаўладкаваная абсалютна ўся платная агентура органаў унутраных справаў дыктатара. Гэта праектная ўстанова «Ларыскор».

«Калі вы ведаеце блізкіх, знаёмцаў альбо калі ў вас як наймальніка ёсць працаўнікі, у працоўнай кніжцы каторых напісана “Ларыскор”, ведайце: гэта агенты МУС. І не папросту агенты, а тыя агенты, каторыя працавалі за грошы і якія пасля завяршэння сваёй гэтак званай “працоўнай дзейнасці” будуць атрымліваць пенсію ад гэтага рэжыму за сваю дзейнасць», – падкрэслівае Алег Талерчык.

Цалкам расследаванне можна паглядзець на Ю-Т’юб-канале «ByPol». Аўтары падкрэсліваюць, што валодаюць поўным спісам платнай агентурнай сеткі МУС. І абяцаюць, што абавязкова распавядуць пра іх публічна.

Валера Руселік, «Белсат»