Знайшлася Юлія Чарняўская


Прафесар, культуролаг і ўдава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера – Юлія Чарняўская, якую шукалі двое содняў, знайшлася ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў. Яе адвакату паведамілі пра следчыя дзеянні ўжо пасля таго, як сваякі падалІ заяву ў КДБ пра знікненне жанчыны. Дачка Юліі Чарняўскай, якая застаецца спадкаемцам TUT.by, падкрэслівае: у маці няма ніякай інфармацыі пра дзейнасць арганізацыі.

«Яна не ёсць акцыянерам TUT.by, не ведае ніякіх унутраных працэсаў, і ўжо дакладна нічога не ведае пра фармальную прэтэнзію, якую выкарыстала пракуратура, каб зладзіць маскі-шоу ў ТУТ БАЙ МЕДИА – «выкарыстанне ПВТ для ўхілення ад падаткаў», – піша Яўгенія ў сваім Фэйсбуку.

Юлія Чарняўская перастала выходзіць на сувязь з роднымі раніцай 18-га траўня, у дзень ператрусаў ды затрыманняў у офісе TUT.by. Пазней стала вядома, што жанчына перанесла гіпертанічны крыз і ў шпіталі была пад канвоем.

На тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт, у якім прадстаўнік Камітэту дзяржкантролю тлумачыў, чаму ўлады пераследуюць TUT.by – на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленне ад падаткаў у асабліва буйным памеры. Маўляў, яны плацілі падаткі паводле ніжэйшай стаўкі для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў, у які TUT.by уваходзіць з 2019-га года. Чым нібыта і нанеслі шкоду дзяржаве на, цытата, «мільёны долараў».

«Мы шчыра лічым, што ніякіх парушэнняў правілаў працы Парку высокіх тэхналогіяў мы не зрабілі. Парк маўчыць, нам нічога не паведамляе. Апроч той інфармацыі, што ўчора агучылі кампетэнтныя органы, мы нічога не ведаем», – казаў сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын падчас прэсканферэнцыі для kyky.org.

Агулам вядома пра пятнаццаць затрыманых працаўнікоў TUT.by. Вялікая іх частка не ёсць юрыдычнымі асобамі. За затрыманнямі ды блакаваннем сайту сочаць медыі ва ўсім свеце. Дэпутаты Еўрапарламенту з Польшчы і Літвы Робэрт Бедрань і Пятрас Аўштравічус зрабілі супольную заяву, у якой апісалі сітуацыю з TUT.by і асудзілі рэпрэсіі беларускіх журналістаў.

«Мы патрабуем, каб Еўразвяз не толькі назіраў, каб мы не толькі прымалі заявы (а нам трэба прымаць рашэнні), і таму ў заяве сказана, што мы падтрымліваем чацверты пакет санкцыяў, які мае быць прыняты як мага хутчэй», – кажа Пятрас Аўштравічус.

Пасля блакавання парталу TUT.by беларусы сталі звяртацца ў сусветны рэгулятар даменных імёнаў, з просьбаю пазбавіць Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнту Беларусі права кіраваць даменнай зонай.by. Але сусветны рэгулятар паведаміў, што не мае такіх паўнамоцтваў.

Сёння ж аднавілася праца сайту Rabota.by – звязанага з парталам TUT.by сайту для пошуку працы, аднаго з самых буйных у беларускім сектары інтэрнэту. Сам партал TUT.by па-ранейшаму заблакаваны, аднак карыстальнікі маюць доступ да пошты праз сэрвіс Яндэксу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»