Пра палітвязняў: гэта датычыць кожнага


Пасля трох содняў утрымання вызвалілі наваполацкіх актывістаў – без суда. Яшчэ амаль чатыры сотні палітвязняў застаюцца за кратамі. Што пра іх вядома? І што распавядаюць тыя, хто адбыў пакаранне за палітычную пазіцыю? Распавядзе Каця Малей.

Чэргі пад дажджом ля ізалятару часовага ўтрымання на менскім завулку Акрэсціна. Гэта сваякі затрыманых спадзяюцца перадаць ім ежу і адзенне. Перадачы тут прымаюць толькі раз на тыдзень – у чацвяргі.

«Прынеслі ежу. Мяснога на ЦІП не бяруць. Прынеслі нейкія сушкі, сухафрукты. Хацелася б, канечне, кілбасаў і сыроў, але не бяруць. Ну, цёплае адзенне, мінімальныя сродкі гігіены», – адзначае сястра затрыманай, якая прынесла перадачу.

Неўзабаве высветлілася, што некаторыя затрыманыя застануцца без перадачы, бо іх этапавалі ў іншыя месцы:

«Перадачу не ўзялі, таму што яе, верагодна, кудысьці этапавалі. Дзяжурны не ведае, куды этапавалі. Учора, кажуць, тры аўтазакі выязджалі адсюль», – дзеліцца жанчына, якая таксама прынесла перадачу для сваёй сястры.

Адмовіліся прымаць перадачу і для гарадзенскага аператара-фрылансэра Андрэя Фралова, калі той адбываў пакаранне ў лідскім ізалятары за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» ды «непадпарадкаванне службовай асобе». Учора ўвечары журналіст выйшаў на волю пасля 15-ці содняў арышту. Да таго ж яго абавязалі выплаціць 870 рублёў штрафу.

«Наконт непадпарадкавання, я выконваў усе патрабаванні міліцыянтаў, якія мяне затрымлівалі. Сваёй віны я не бачу ў гэтым. Наконт працы без акрэдытацыі, артыкул 32 Канстытуцыі РБ [артыкул 34 Канстытуцыі РБ – заўвага рэд.] дазваляе любому грамадзяніну РБ любым спосабам здабываць інфармацыю і распаўсюджваць яе», – кажа Андрэй Фралоў.

Наваполацкіх актывістаў без суда вызвалялі з віцебскага ізалятару. У ІЧУ яны правялі трое содняў у якасці падазраваных у крымінальным злачынстве – «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Са словаў даверанай асобы Святланы Ціханоўскай на леташніх прэзідэнцкіх выбарах Алены Радзьковай, яе затрымалі адразу пасля таго, як яна завяла дзіця ў садок. З міліцэйскага пастарунку адвезлі дадому на ператрус. Потым быў допыт у Следчым камітэце, так званы «стакан» у РАУСе і этапаванне ў Віцебск.

«Каля дзесяці будынкаў размалявана. Заведзеная такая крымінальная справа. Такі будынак, такі… размалёўвала ці не размалёўвала?!», – успамінае Алена.

Праз такія ж «працэдуры» прайшло яшчэ каля дзесяці затрыманых у панядзелак навапалачанаў, сярод якіх і Наталля Рэфенкулава:

«Я кажу: я нічога такога не рабіла. Я салідны чалавек, і ўзрост, каб распісваць вашыя двары! На гэта ёсць хуліганнё ды іншыя. Запыталіся, як дзіця, я сказала, што дзіця не лезе. А я хачу проста разумець і ведаць, што адбываецца ў краіне, таму я лезла паўсюль, чытала ўсё, каб у галаве ўклалася, што пасля 9 жніўня адбылося».

На сёння 396 чалавек прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі вязнямі. Гэта людзі, якім таксама не абыякава, што адбываецца ў нашай краіне. Узмацненне ціску сёння зазналі і тыя, каго зняволілі з прычыны крымінальных справаў. Гэтак, палітыка Паўла Севярынца прызналі схільным да нападаў на адміністрацыю. Цяпер па-за камерай ён мусіць перасоўвацца толькі ў кайданках.

Каця Малей, «Белсат».