20 траўня: прысуды да 5 гадоў узмоцненага рэжыму


Затрымалі ў адной справе, а судзілі за іншую. Жыхар Баранавічаў Уладзімір Гундар паўгода чакаў суда, на якім яго прызналі вінаватым у тым, што ён – пенсіянер без нагі – ужыў гвалт супраць двух сілавікоў. «Белсат» сачыў за палітычнымі прысудамі гэтага дня.

Смеласць у творчасці і ў грамадзянскай пазіцыі, за якую пацярпеў гарадзенскі журналіст, музыка і перформер Ігар Банцар, засталася ягоным спадарожнікам.

Пасля некалькіх месяцаў арышту і галадоўкі – засталося наладзіць здароўе і адбыць паўтары гады «хіміі»… за «хуліганства», якой не адмяніў Гарадзенскі абласны суд.

«Ёсць артыкул, што згодна цяжкімі хваробамі можа быць адмененае пакаранне, альбо чалавека перавядуць на больш лёгкае пакаранне. У мяне «хімія з накіраваннем», маглі б тут пакінуць, у Горадні пакінуць, ці на хатняй хіміі», – кажа Ігар Банцар.

Ценем на судовай сістэме лічаць сённяшні прысуд у Берасці сваякі зняволенага на 3 гады Уладзіміра Гундара.

Інга Стромская, дачка асуджанага, ацаніла прысуд:

«Агулам гэта так бязглузда, калі двое маладых і моцных заяўляюць, што супраць іх ужыў гвалт пенсіянер без нагі… адзін супраць дваіх. І пагрозы…».

Блізкія дапускаюць, што інвалід другой групы, спадар Уладзімір мог адно не стрымацца і выказаць сваё стаўленне да супрацоўнікаў КДБ, калі тыя паднялі яго з ложку 30-га снежня, напярэдадні Новага году, каб забраць з сабою. Затрымалі па «справе Аўтуховіча», звязанай з нібыта тэрарызмам. Атрымліваецца, дарма.

«Любыя самыя змрочныя прадказанні Оруэла ў ягоных фантастычных раманах блякнуць у параўнанні з нашаю сённяшняю рэчаіснасцю», – лічыць сябар асуджанага Юрый Казакевіч.

Прысудам «тры гады калоніі» скончыўся з 29-гадовай арт-дырэктаркаю івент-агенцтва Міяй Міткевіч. Суддзя Алена Шылько прызнала жанчыну вінаватай у распальванні сацыяльнай варажнечы супраць сілавікоў. Такія дзеянні пабачылі ў пастах Міі ў закрытым Тэлеграм-чаце, якія яна, дарэчы, выдаліла яшчэ да затрымання. Адзін з іх пачынаўся гэтак:

«Я прапаную зрабіць з усімі прыкарытнікамі, амапаўцамі, і алмазаўцамі, адным словам лашкамі-пеўнікамі, тое ж самае, што яны зрабілі з намі…».

«Абмяжоўвалі права добрасумленных грамадзянаў»… Самыя жорсткія сённяшнія прысуды вынесла ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы Святлана Бандарэнка: па 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму для Паўла Аўчарова і Эміля Гусейнава.

«23 верасня пасля 21 гадзіны заклікалі да ўдзелу ў масавых беспарадках, спланаваных пад выглядам масавых мерапрыемстваў, блакавалі камунікацыі. Парушылі працу «Менсктрансу». Аказалі супраціў супрацоўнікам МУС».

Прысуд у тым жа ключы, але паводле артыкулу 369 КК (абраза) – суд Маскоўскага раёну Берасця вынес Уладзіміру Шурубейку. Два гады «хіміі» за «с*ыкло, чмо і ныцік», што напісаў асуджаны пра супрацоўніка Камітэту дзяржбяспекі Дзяніса Сямёнава. Апошні атрымаў ад «крыўдзіцеля» Br 1500 кампенсацыі і прэтэнзіяў да яго не меў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»