Суботнік: з беларусаў сабралі 14,5 млн рублёў


Другая палова красавіка. У Беларусі – час рэспубліканскага суботніку. Чыноўнікі саджаюць дрэвы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У гэтым годзе дуб. Для нашай краіны ў дадзены момант – самае адпаведнае дрэва, – мяркуе прэм’ер Раман Галоўчанка.

«Як я казаў, у кожнай школы павінен быць свой прысядзібны ўчастак, дзе можна пакалупацца і па зямлі пахадзіць, і рукамі дакрануцца. Каб бздура было менш у галаве», – лічыць Лукашэнка.

Паводле лукашэнкаўскай традыцыі, у Беларусі, як і за часоў СССР, суботнік – гэта «добраахвотная» павіннасць для ўсіх бюджэтнікаў.

«Дадатковыя фінансы, дадатковыя працоўныя гадзіны, якія дзяржава можа выкарыстоўваць на тыя мэты, якія ёй патрэбныя», – кажа пра суботнік доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

«У гэтым цудоўным свяце працы – суботніку прымаюць удзел 2 мільёны 400 чалавек, – справаздачыцца намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык. – Але самае галоўнае, што сродкі, якія ўжо паступілі ў міністэрства фінансаў, складаюць 14 з паловай мільёнаў беларускіх рублёў».

Старшыня Нацбанку Беларусі Павел Калавур на суботніку ў Століне, Берасцейская вобласць. 20 красавіка 2024 года.
Фота: pressnbrb / Telegram

Згодна з пастановай ураду, 35 адсоткаў сабраных сродкаў накіруюць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Дзецям – ахвярам вайны» у Жлобінскім раёне. Столькі ж адправяць на стварэнне цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі ў Берасцейскай крэпасці. Астатнія 30 адсоткаў пералічаць на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы ў вобласцях і Менску.

«Я не думаю, што гэтыя інвестыцыі накіраваныя на тое, каб пабудаваць шырокі грамадскі кансэнсус вакол пэўных каштоўнасцяў, – мяркуе Андрэй Казакевіч. – У асноўным яны выконваюць функцыю мабілізацыі прыхільнікаў улады».

Беларусаў у гэты дзень накіроўваюць прыбіраць лісце, фарбаваць бардзюры або пілаваць дрэвы. Але адкуль у такім выпадку бяруцца сродкі, заробленыя нібыта падчас суботніку?

«Людзі, акрамя таго што выходзяць працаваць, яшчэ і плацяць грошы за тое, што прымаюць удзел у гэтым суботніку. Часцей за ўсё гэта нейкая фіксаваная сума, – разважае былы чыноўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан. – Або наўпрост пераводзяць грошы за адзін свой працоўны дзень, столькі, колькі грошай за гэты дзень налічваюць».

Фармальна яўка на рэспубліканскі суботнік добраахвотная. Зрэшты, не прыйсці на яго надзвычай цяжка.

«Тое, што яны ідуць пад прымусам – факт. Тое, што гэта частка сучаснай прымусовай працы – факт, таму што мы ведаем усе тыя дручкі, якія маюць у сваіх руках наймальнікі, – мяркуе кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў. – Зараз шанцаў адмовіцца ад суботнікаў амаль няма ніякіх, таму што кароткатэрміновыя кантракты ніхто не адмяняў».

У Гомлі сёлета на суботнік нават выпусцілі двайнікоў савецкіх правадыроў.

«Мы навядзем парадак на сваіх працоўных месцах, на замацаваных тэрыторыях! Да працы таварышы, ура!» – заклікае «Ленін».

У сённяшняй улады Беларусі, як і ў яе папярэднікаў, ёсць эфектыўныя механізмы прымусу да неаплатнай працы.

Ян Федаровіч, «Белсат»