Колькі каштуе рабская праца?


Функцыянальная мэбля для разнастайных інтэр’ераў, моднае ды зручнае адзенне, зграбныя каваныя вырабы для дому і саду, будаўнічыя матэрыялы, гаспадарчыя тавары ды шмат што іншае. Гэтак Міністэрства ўнутраных справаў на сваім тэлеграм-канале рэкламуе адкрыццё новай інтэрнэт-крамы «МАГАЗИН еДИН».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Крама працуе «наўпрост з вытворцамі», напісана на сайце. То бок з прадпрыемствамі пры папраўчых калоніях і лячэбна-працоўных прафілакторыях, гэтак званых ЛПП.

«Гэта проста на сённяшні дзень дзейныя лагеры з прымусовым прыцягненнем да працы, з прымяненнем рабскай сілы, рабскай працы і, адпаведна, з адмываннем вялізных сродкаў грашовых», – кажа былы палітвязень Віталь Жук.

Крама «МАГАЗИН еДИН» зарэгістраваная як частка дзяржпрадпрыемства «Адзінка». Ім кіруе падпалкоўнік унутранай службы Генадзь Калантай. Ён жа і зацвярджае прэйскурант. Напрыклад, цэны садовых альтанак – у сярэднім 1,5 тыс. рублёў, канапа з экаскуры каштуе 2300.

«Вырашылі падзарабіць грошай трохі, відаць, з грашыма ўсё кепска. Я насамрэч не ўяўляю, як гэта будзе выглядаць. Можа, паставяць нейкага міліцыянта з дубінаю за прылавак, які будзе гэта ўсё распрадаваць і пра якасць расказваць», – зазначае блогер, былы палітзняволены Аляксандр Кабанаў.

Аўтара YouTube-каналу «Народны рэпарцёр» Аляксандра Кабанава падчас зняволення ў наваполацкай калоніі амаль без перапынку трымалі ў ШІЗА, а пасля яму ўвогуле змянілі рэжым на турэмны. Папрацаваць ён паспеў некалькі тыдняў, зарабіў 80 капеек.

«Заробак – 50 капеек, 80 капеек, рубель за месяц. І чамусьці дзяржава лічыць, што гэта людзі, якім далі нейкі матрац, каб яны адпачывалі, нейкую талерку ежы і ўсё, і досыць», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Былы палітзняволены Віталь Жук адбываў пакаранне за нібыта знявагу Лукашэнкі ў бабруйскай калоніі, да гэтага яго змяшчалі ў ЛПП. Спачатку працаваў на пілараме, пасля плёў кошыкі.

«У мяне ёсць даведка, якая пацвярджае, што я там дзесьці за нейкія паўтара месяца зарабіў каля 30 з нечым беларускіх рублёў. Увага, зарабіў, але яшчэ не былі ўлічаныя адлічэнні за камунальныя паслугі. Мая канцавая сума, якую я атрымаў, была 7 рублёў беларускіх».

Ці ўсведамляюць у самой краме, што прадаюць тавары, вырабленыя вязнямі? З такім пытаннем мы звярнуліся наўпрост у «МАГАЗИН еДИН». І вось адказ:

«У гэтым пытанні мы не даем каментароў, уся інфармацыя ў вышэйстаячай арганізацыі, мы канцавы прадавец, інтэрнэт-крама, нам што прывезлі, мы тое прадаем».

У Крымінальна-выканаўчым кодэксе ёсць палажэнне, паводле якога вязні мусяць працаваць, а адмова ад працы караецца, кажа праваабаронца Васіль Завадскі. Але так быць не павінна:

«Я лічу, што гэта супярэчыць Канстытуцы і міжнароднаму заканадаўству. Бо ў выраку суда чалавек прыгаворваецца да пазбаўлення волі, а не да прымусовай працы».

Сённяшнія папраўчыя калоніі ў Беларусі шмат у чым захоўваюць пераемнасць з савецкімі працоўнымі лагерамі, зазначае праваабаронца.

Алесь Яшчанка, «Белсат»