Украінская кінасупольнасць заклікае байкатаваць расейскае кіно


Канскі кінафестываль – найгалоўнейшы агляд кіно ў свеце – адкрыецца фільмам пад назваю «Зэт». Хаця карціна з’яўляецца камедыйным хорарам пра зомбі, ва Украіне ў гэтым пабачылі кпіны. Непрымальным тут лічаць і ўдзел у асноўным конкурсе фільму расейскага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава, нават калі той у апазіцыі да крамлёўскага рэжыму і зазнаў палітычны пераслед. З першых дзён вайны ўкраінская кінасупольнасць заклікае да абсалютнага байкоту расейскага кіно на міжнародных пляцоўках.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Максім Наканэчны, украінскі рэжысёр, удзельнік сёлетняга канскага кінафестывалю:

«Цяпер мы разумеем, што гэтая вайна, расейска-ўкраінская вайна, шмат у чым абумоўленая прапагандай і ў цэлым імперскім наратывам, якім прасякнутая і культура, і рэальнасць Расеі. Таму ў першую чаргу мэта закліку – данесці міжнароднай кінаіндустрыі і гледачам, што расейская культура базуецца на імперскім дыскурсе, і нават крытычная да расейскай рэальнасці культура ёсць часткаю гэтай парадыгмы».

Ва Украіне таксама лічаць, што ўдзел расейскіх кінагульцоў у міжнародных фэстах робіць іх апасродкаванымі фундатарамі вайны – праз падаткі з заробленых там грошай. Але не ўсе заходнія пляцоўкі сталіся гатовымі цалкам задаволіць заклікі да байкоту. Каны хоць і адмовіліся прымаць афіцыйную расейскую дэлегацыю, па-ранейшаму вітаюць расейскія фільмы, створаныя без падтрымання дзяржавы. Такую пазіцыю за час вайны агучылі многія пляцоўкі, як «Берлінале» або фестываль «goEast».

Аляксандр Гусеў, украінскі кінакрытык, фестывальны адборшчык:

«Усё гэта выклікала ў нас вельмі складаную рэакцыю, аж да таго, што некаторыя нашыя кінематаграфісты адмаўляліся паказваць свае фільмы на гэтых пляцоўках або фільмы паказваліся, але адмаўляліся ад удзелу ў гэтых фестывалях».

Затое фестывалі ў Вільні, Глазга і Стакгольме падтрымалі заклік украінцаў. Далучылася да байкоту і Еўрапейская кінаакадэмія, праўда, толькі пасля гучнага сыходу з яе шэрагаў украінскага рэжысёра Сяргея Лазніцы на знак пратэсту. Адстойванне байкоту аб’яднала хіба дзевяноста адсоткаў прадстаўнікоў кінасупольнасці, але не ўсе падтрымліваюць патрабаванні. Аляксандр Гусеў лічыць, што замыканне Расеі ў культурным гета можа перашкодзіць агучванню там інтарэсаў Украіны.

Аляксандр Гусеў, украінскі кінакрытык, фестывальны адборшчык:

«Мы закрываем крыніцы ўздзеяння на розумы тых, хто дзякуючы фільмам, дзякуючы іншым інфармацыйным каналам мог бы няхай нават не перайсці на ўкраінскі бок, але хаця б засумнявацца, што іх урад робіць усё слушна».

Да таго ж, як кажа Аляксандр, трэба выкарыстоўваць магчымасць прасоўваць на міжнародных пляцоўках сваю культуру. Максім Наканэчны ўласна і выкарыстоўвае, хоць і выступае за байкот. У сёлетнім Канскім кінафестывалі ён удзельнічае з фільмам «Бачанне матылька» пра жанчыну, якая намагаецца вярнуцца да нармальнага жыцця пасля ўдзелу ў вайне. Тым часам барацьба за байкот не спыняецца, але ці заклікае Украіна байкатаваць беларускае кіно?

Аляксандр Гусеў, украінскі кінакрытык, фестывальны адборшчык:

«На маю думку, у іх усё ж патрабавання забараняць беларускую культуру не ўзнікае, бо неяк усё ж беларуская культура ўспрымаецца як аналаг украінскай культуры ў яе супрацьстаянні каланіяльнаму кантэксту».

Ці ўлічыць Канскі фэст рэакцыю ўкраінцаў на неадназначны выбар фільму адкрыцця, мы пабачым сямнаццатага траўня.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»