ЕАБР: інфляцыя ў Беларусі можа запаволіцца


Няўжо Лукашэнка нарэшце пераможа ў вайне з цэнамі? Нацыянальны статыстычны камітэт рапартуе хоць і пра невялікае, але паляпшэнне. Калі ў студзені гадавая інфляцыя складала 12 %, то ў лютым – 11,7 %.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Можна маляваць і 10 %, і 11 %, але для людзей вось такая ацэнка рынкавай сітуацыі: калі яны пойдуць са сваімі гаманцамі ў краму, то іхныя пакупкі будуць каштаваць, калі браць той жа крэдыт, не менш за 16 %», – кажа эканаміст Віталь Алейнік.

Аналітыкі ж Еўразійскага банку развіцця выступілі з аптымістычным для Беларусі прагнозам. У другім квартале года інфляцыя можа ўпасці нават да 4 %, то бок на траціну. Адна з прычынаў запавольвання інфляцыі, паводле аналітыкаў, – слабы попыт.

«Фактычна, людзі з-за таго, што не растуць рэальныя прыбыткі, не могуць купляць і ажыўляць эканоміку сваім попытам», – адзначае Віталь Алейнік.

Другая прычына запавольвання росту інфляцыі, паводле аналітыкаў ЕАБР, – дзяржаўнае рэгуляванне коштаў. Іх стрыманню на нарадах Лукашэнкі надаюць вялікае значэнне.

Жорсткі кантроль над коштамі Лукашэнка ўвёў летась у пачатку кастрычніка сваёй дырэктываю нумар 10 «Аб недапушчальнасці росту цэнаў». Неўзабаве дырэктыву замяніла пастанова ўраду нумар 713 «Аб сістэме рэгулявання цэнаў». Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, за нібыта неабгрунтаванае падвышэнне цэнаў завялі больш за 50 крымінальных справаў.

«Нягледзячы на тэндэнцыю зніжэння, усё роўна ў нас інфляцыя вышэйшая за двухзначнае значэнне. І, канечне, гэта канкрэтна, красамоўна паказвае, што ў ручным кіраванні нават пры ўсім жаданні, пры ўсім абмежавальным заканадаўстве немагчыма стрымліваць цэны», – мяркуе эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Тыя ж аналітыкі Еўразійскага банку лічаць, што па выніках года інфляцыя ў Беларусі вырасце прыкладна да 8 %. У Лукашэнкі больш аптымістычныя лічбы:

«Дабівайцеся каб трымаць калідор у раёне 7 %. Гэтая лічба мае быць чырвонай лініяй».

Якія ж прагнозы ў нашых экспертаў? Аліса Рыжычэнка лічыць:

«Мне здаецца, што яна ўсё роўна затрымаецца, інфляцыя, у раёне 10–13–14 % па выніку года. Якія б ні былі штучныя рэгуляванні, абмежаванні і стрымліванні».

На YouTube-канале «Белсату» мы задалі нашым гледачам пытанне: пры якіх умовах, на вашую думку, цэны ў Беларусі запаволяць рост? Вось некаторыя з каментароў:

«І з Расеяй, і з Еўропаю трэба адбудоўваць эканамічныя сувязі».

«Калі пачнем вырабляць і прадаваць, а не паразітаваць»

«Цяпер паласа цяжкіх часоў у любым выпадку».

Тое ж пытанне мы задалі і ў нашым тэлеграм-канале. У выніку з вялікім адрывам перамог адказ: цэны запаволяць рост, калі ўлада ў Беларусі зменіцца.

Алесь Яшчанка, «Белсат»