Расея хоча завабіць беларусаў і не толькі


Расея шукае новых грамадзянаў. Адпаведная пастанова расейскага ўраду выйшла на дадатак да ўказу Пуціна, які з Новага года ўвёў у дзеянне дзяржпраграму добраахвотнага перасялення суайчыннікаў у Расею.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сярод іншага рашэнне тычыцца грамадзянаў са сваякамі, якія нарадзіліся або пастаянна жылі ў РСФСР або на тэрыторыі, што адносілася да Савецкага Саюзу або Расейскай імперыі. Сёння гэта цэлы шэраг краінаў Еўропы, Азіі і нават Злучаныя Штаты Амерыкі.

«Думаю, перш за ўсё гаворка ідзе пра тых людзей, якія ўпісваюцца ў расейскую канцэпцыю “рускага міру”, – мяркуе гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. – Перш за ўсё пра беларусаў, украінцаў і пра тых людзей расейскага паходжання, якія жывуць па-за межамі сённяшняй Расейскай Федэрацыі. Таксама і ў Заходняй Еўропе».

rosja paszport zagraniczny wyjazd granice zakaz panstwo
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпарт Расейскай Федэрацыі.
Фота: visualhunt.com

Ці паедуць грамадзяне Беларусі на сталае месца жыхарства ў Расею?

«Адносіны з Захадам пагаршаюцца, і ўсё можа скончыцца нават тым, што межы будуць зачыненыя. Тады беларусы, якія будуць шукаць лепшай долі, магчыма пажадаюць пераехаць у Расейскую Федэрацыю», – разважае Аляксандр Фрыдман.

Між тым эканоміка Беларусі губляе працоўныя рукі праз палітычную ды эканамічную міграцыю ў краіны Еўразвязу. Напрыклад, у Польшчы Цэнтр беларускай салідарнасці на канец мінулага года налічыў сто дзевятнаццаць тысяч грамадзянаў Беларусі з відам на жыхарства. Цягам трох гадоў гэтая лічба павялічылася больш чым у чатыры разы. У Літве, паводле афіцыйнай статыстыкі, жывуць блізу шэсцьдзесят тысяч беларусаў.

«Выязджаюць людзі, якія маглі б што-небудзь рабіць у Беларусі, ствараць бізнес, працаваць на прадпрыемствах, – кажа публіцыст, спецыяліст у міжнароднай эканоміцы Алесь Чайчыц. – Гэты патэнцыял з Беларусі вымываецца і атрымліваецца такое замкнёнае кола: чым больш людзей выязджае, тым менш перспектываў застаецца ў самой Беларусі».

Зрэшты, лукашэнкаўскі рэжым наўрад ці зможа паўплываць на адток кадраў і палітыку ўсходняга суседа гэтак жа, як ён робіць, напрыклад, з уладальнікамі карты паляка.

«Людзі едуць туды, дзе лепей. Яны будуць ехаць у Расею, пакуль там будзе лепш, чым у Беларусі. А пакуль Лукашэнка ва ўладзе і сітуацыя такая, як зараз, – ёсць Саюзная дзяржава і Беларусь ізаляваная ад усяго свету – на жаль, гэта будзе працягвацца», – мяркуе Алесь Чайчыц.

Ён дадае, што Беларусі варта пераймаць досвед іншых краінаў у прыцягненні працоўнай сілы. Стаўку варта рабіць на дыяспару і нашчадкаў людзей, якія лічылі сябе беларусамі. Адкрытым застаецца пытанне, наколькі гэта магчыма пры існым у Менску рэжыме.

Ян Федаровіч, «Белсат»