Адлучалі ад сеткі. Чарговыя «планавыя» перабоі на БелАЭС


Першы энергаблок БелАЭС у Астраўцы зноў адлучалі ад сеткі. І зноў нібыта «планава». Месяц таму першы энергаблок таксама адлучалі пасля таго, як спрацавала сістэма аховы генератара. Праз тыдзень яго запусцілі. Чаму АЭС спачатку ўрачыста адкрываюць, а потым – нібыта «паводле плану»?

Летась 7 лістапада Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў атамную электрастанцыю ў Астраўцы. Аднак ужо наступным днём выпрацоўванне электраэнергіі прыпынілі праз выхад са строю трансфарматараў напружання. Сёння ўжо трэцяе за апошнія тры месяцы. «Бяспечных атамных станцый няма», – упэўнены прафесар, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін:

«Самі гэтыя блокі настолькі ненадзейныя, што іх увесь час прыходзіцца карэктаваць, уключаць-выключаць… Гэта звычайная для атамных станцыяў такая сістэма. Ну, і самі разумееце: што гэта за энергаблок, які за два месяцы некалькі разоў спыняецца, – нейкая лухта».

Афіцыйная Вільня адразу выказалася супраць «атамнага» суседства: БелАЭС месціцца за 50 кіламетраў ад літоўскае сталіцы. Беларусь жа планавала, што краіны Балтыі стануцца асноўнымі імпарцёрамі беларускай электраэнергіі. Літва, Латвія ды Эстонія аднак падпісалі пагадненне пра блакаванне яго імпарту з Астраўца.

Нягледзячы на гэта, паводле міністэрства энергетыкі Літвы, Латвія магла купляць беларускую электраэнергію праз Расею. У сваю чаргу латвійскі бок патлумачыў: імпарт расейскай электраэнергіі ў Латвію рэзка вырас у студзені не праз працу БелАЭС, а з прычыны надвор’я.

«Калі аператары сістэмы перадачаў Літвы, Латвіі дамовяцца і ўсё ж такі ідэнтыфікуюць, адкуль гэтая электрычнасць бярэцца і як яна прыходзіць на наш рынак. Аднак нельга выключаць магчымасці, што нейкі з бакоў маніпулюе лічбамі. У тым ліку і Літва», – кажа эксперт асацыяцыі літоўскіх энергетычных кампаніяў Рытас Стасяліс.

У Белэнерга патлумачылі: на электрастанцыі адбываецца этап доследна-прамысловай эксплуатацыі, што прадугледжвае шэраг неабходных выпрабаванняў. Для гэтага нібыта і трэба спыніць першы энергаблок. Улады запэўніваюць, што небяспекі для навакольнага асяроддзя і жыцця людзей няспраўнасці на АЭС не нясе.

Напярэдадні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая патрабуе прыпыніць запуск АЭС у Астраўцы праз пытанні да бяспекі. Эксперты Еўразвязу завяршылі візіт на АЭС для правядзення стрэс-тэстаў, справаздачу пра вынікі маюць падрыхтаваць да пачатку сакавіка.

Каця Малей, «Белсат»