Навошта Лукашэнку «Іскандэры»?


Падчас наведвання заводу «БелДжы» Лукашэнка казаў не толькі пра аўтамабілі і перспектывы развіцця галіны, але і пра інтэрнэт ды ўзбраенні, у тым ліку пра ядравую зброю і расейскія «Іскандэры» на нашай тэрыторыі. Навошта Лукашэнка працягвае ўзбройвацца і ці ўплывае ён яшчэ на нейкія ваенныя рашэнні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра што б ні пачаў гаварыць Лукашэнка – заканчвае ўзбраеннем. Так было і на заводзе «БелДжы», дзе між іншага ён пахваліўся паспяховым развіццём ракетнае вытворчасці:

«Вы ведаеце, што «Паланэзы», першую ракетную вытворчасць, я пачынаў з Кітаю. Сі Цзінь Піна папрасіў, каб ён дапамог стварыць. Не стварыць – мы купілі ў іх. А цяпер самі ўсё робім. Усё робім самі. І сістэмы пускавыя, і зараднікі. І ракету, самае складанае».

З ягоных словаў, развіццё галіны ідзе настолькі паспяхова, што цяпер ужо кітайцы звяртаюцца да Беларусі па дапамогу. Яшчэ адзін гонар Лукашэнкі – расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр»:

«Мы ў расейцаў за іхныя грошы (праўда, мы плацім ім паводле іншых рахункаў) атрымалі такія комплексы «Іскандэр». Асабліва небяспечная зброя, яна закадаваная, я падпісаў указ, як выкарыстоўваць гэтую зброю».

Пры гэтым і сам Лукашэнка, і міністр абароны Віктар Хрэнін неаднаразова заяўлялі, што ні з кім ваяваць не збіраюцца. Навошта ж тады столькі зброі?

Рэдактар і вядоўца праграмы «ПраСвет» Сяргей Пеляса мяркуе, што Лукашэнка баіцца паўтарыць лёс дыктатараў, зрынутых у выніку вайсковага канфлікту з удзелам заходніх дзяржаваў. Гэта і рэжым Слабодана Мілошэвіча ў Югаславіі, і рэжым Муамара Кадафі ў Лівіі, і рэжым Садама Хусэйна ў Іраку.

«Таму ён папярэджвае: не лезьце да мяне, не чапайце мяне, я за мір. Не будзеце мяне чапаць – мне не прыйдзецца абараняцца ўсімі сіламі і сродкамі. Ён чамусьці думае, што хтосьці на яго хоча напасці, а гэта абсалютная няпраўда. NATO не мае планаў нападу на Беларусь, ім гэта не патрэбна. NATO ўвогуле – абарончы альянс, яны рэагуюць на крызісы, а не ствараюць іх», – падкрэслівае Сяргей Пеляса.

Але меркаванні і жаданні Лукашэнкі ў справе ўзбраення не маюць ніякай вагі, адзначае вайсковы эксперт з Украіны Міхайла Самусь. Бо Беларусь – фактычна акупаваная тэрыторыя, і палітыку акупацыі Расея вядзе яшчэ з 1997 года.

«Калі было падпісанае пагадненне пра стварэнне саюзнай дзяржавы, адначасова было падпісанае пагадненне пра стварэнне супольнай групоўкі ўзброеных сілаў РФ і РБ. З таго маманту Беларусь застаецца часткай вайсковай палітыкі Расеі», – кажа Міхайла Самусь.

Пацверджаннем гэтаму – і бясконцыя супольныя вайсковыя вучэнні, і напад Расеі з тэрыторыі Беларусі на Украіну, і размяшчэнне комплексаў «Іскандэр» на нашай тэрыторыі.

Ракетны комплекс «Іскандэр-М».
Фота: vitalykuzmin.net / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

Хоць пра поўную самастойную іх эксплуатацыю лукашэнкаўскае Міністэрства абароны паведамляла яшчэ год таму, у лютым. Пазней паведамлялася пра навучанне беларускіх вайскоўцаў у Расеі, у тым ліку для абслугоўвання ядравых боегаловак. А сёлета, паводле вайсковага ведамства, маюць адбыцца кантрольныя заняткі беларускіх вайскоўцаў на расейскім палігоне – з баявымі пускамі.

Галоўнае прызначэнне расейскага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр» – знішчэнне сістэмаў супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны ворага. Выкарыстоўваюць яго і для знішчэння важных аб’ектаў, як вайсковых, так і інфраструктуры.

«Гэта аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы далёкасцю 50 кіламетраў, у іх ёсць варыянт з крылатымі ракетамі, што могуць наносіць удар да 2500 кіламетраў, у тым ліку з ядравай зброяй, з ядравымі боегалоўкамі. Таму гэта праекцыя ваенных магчымасцяў Расеі бліжэй да тэрыторыяў краінаў NATO і, вядома, аблога Украіны» – лічыць Міхайла Самусь.

Пры гэтым размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядравай зброі, пра якое ўжо неаднойчы заявіў Лукашэнка, з юрыдычнага гледзішча не парушае канвенцыі аб нераспаўсюдзе. Да таго часу, пакуль кіруе зброяй самая ядравая дзяржава, то бок Расея.

«Гэта тая ж схема, што існуе ў NATO ў дачыненні амерыканскай ядравай зброі на тэрыторыі Еўропы, на тэрыторыі пяці краінаў. То бок у гэтым выпадку краіна базавання толькі дае свае сродкі дастаўкі», – кажа Мікалай Сокаў з Венскага цэнтру ў справах раззбраення і нераспаўсюду.

У Беларусі гэта – комплексы «Іскандэр», а таксама самалёты СУ-35. Эксперт падкрэслівае: няма ніякіх падставаў лічыць, што Лукашэнка можа неяк паўплываць на тое, ці будзе выкарыстоўвацца расейская ядравая зброя з тэрыторыі Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»