Улада Лукашэнкі трымаецца на сілавіках і чыноўніках


Беларускае грамадства расколатае, колькасць прыхільнікаў пратэсту паступова зніжаецца. Аднак недавер да ўладаў усцяж застаецца на досыць высокім узроўні. Нават прыхільнікі Лукашэнкі разумеюць, што ягоная ўлада ўжо недаўгавечная і з апошніх намаганняў трымаецца на сілавіках і чыноўніках. Брытанскі цэнтр Chatham House абнародаваў вынікі чарговага апытання беларусаў. У ім удзельнічала звыш 760 гарадскіх жыхароў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прапанаваў змены ў Канстытуцыю, на два месяцы апынуўся ў СІЗА. Пасля звароту ў гомельскую раёнку «Маяк» 68-гадовага Мікалая Віцікава вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці. Беларускі рэжым ён фназваў «лукашызмам», а Усебеларускі народны сход – шабашам. Галоўная рэдактарка газеты і старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Ірына Канавалава тлумачыць, як ліст трапіў да сілавікоў: «Усе звароты згодна з артыкулам 41 Закону аб СМІ, калі яны не ў кампетэнцыі юрыдычнай асобы, якая мае статус СМІ, накіроўваюцца паводле кампетэнцыі». Аднак і без артыкулаў законаў некаторыя беларусы «здавалі» міліцыі пратэставых суседзяў.

Год народнага адзінства, якім 2021-шы абвесціў Лукашэнка, завяршыўся правалам. Як паказвае апошняе апытанне брытанскага цэнтру Chatham House сярод гараджанаў, адзінства ў беларускім грамадстве так і не наступіла.

«У беларускім грамадстве вялікая сацыяльная напружанасць і, нягледзячы на ўсе выказванні пра клопат, пра адзінства, стабільнасць, мы бачым, што толькі адзін з дзесяці беларусаў кажа, што ў беларускім грамадстве няма сацыяльнай напружанасці», – адзначыў дырэктаў беларускага даследчага цэнтру Chatham House Рыгор Астапеня.

Аднак напружанасць заўважаюць не ўсе. Так, паводле Chatham House, амаль 87 адсоткаў прыхільнікаў Лукашэнкі альбо не заўважаюць яе наогул, альбо сцвярджаюць, што яна невялікая. Напружанасць адчуваюць 83 адсоткі нейтральных да палітыкі, а ў прыхільнікаў пратэстаў напружанасць моцная, і нават катастрафічная. Гэтаму спрыяе ліквідацыя незалежных медыяў, разгром недзяржаўных арганізацыяў і пераслед грамадскіх актывістаў, лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк: «Глабальна, гэта раскол на людзей сучасных, людзей у рознай ступені мадэрнізаваных і людзей з мінулага, можна назваць гэта чалавекам савецкім».

Паводле даследавання, з сакавіка 2021 года колькасць прыхільнікаў Лукашэнкі вырасла на два адсоткі, цяпер яна складае 27 адсоткаў, павялічылася да 43-ох адсоткаў і колькасць тых, хто цураецца палітыкі, а вось лагер прыхільнікаў пратэсту зменшыўся на 4 пункты, да 30-ці адсоткаў.

«Немагчыма стаяць заўсёды на дыбачках. Большасць беларусаў – нармальныя людзі. Яны не могуць доўга заставацца ва ўзбуджаным стане. І, натуральна, нейкую ролю адыграў сілавы ціск», – падкрэсліў Сяргей Нікалюк.

Між тым 46 адсоткаў апытаных заявілі, што не давяраюць Лукашэнку, давяраюць яму толькі 32 адсоткі. Пры гэтым, як прыхільнікі, так і праціўнікі Лукашэнкі перакананыя, што ягоная ўлада трымаецца выключна на сілавіках, «вертыкалі» і чыноўніках.

«У гэтых людзей, нават у прыхільнікаў Лукашэнкі, ёсць разуменне, што гэта не дэмакратычна абраны лідар, гэта не той чалавек, які можа кіраваць, зыходзячы з таго, што народ даў яму такое права», – падкрэсліў Рыгор Астапеня.

Не давяраюць беларусы не толькі Лукашэнку, але і шэрагу дзяржаўных структураў – судам, міліцыі. Найвялікшы адмоўны рэйтынг у Цэнтральнай выбарчай камісіі і дзяржаўных СМІ, сярод якіх і гомельская раёнка – «Маяк».

«Перад дзяржаўнымі журналістамі пастаўленая задача навязаць тое ці іншае меркаванне праз змены ў Канстытуцыю. 022 Калі адчыніць любы дзяржаўны сайт, там праз навіну ідзе нібыта абмеркаванне Канстытуцыі», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Між тым, паводле апытання, найбольшым даверам па-ранейшаму карыстаюцца незалежныя медыі, незалежныя прафсаюзы і праваабаронцы.

Антон Каменскі, «Белсат»