САЗ прапаноўвае зняць абмежаванні на замежныя паездкі. Каронавірус адступае?


Абмежаванні на міжнародныя паездкі ніяк не перашкодзілі распаўсюджванню штаму о-мікрон, сцвярджае Сусветная арганізацыя здароўя. Таму прапаноўвае іх зняць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адмяніць ці аслабіць забарону на міжнародныя перавозкі, бо яна працягвае спрыяць эканамічнаму і сацыяльнаму стрэсу, з якім сутыкаюцца краіны-ўдзельніцы», – гаворыцца ў заяве арганізацыі.

У свеце больш за палову людзей вакцынаваныя прынамсі адной дозай прышчэпкі супраць COVID-19. Паколькі вакцына не аднолькава дасяжная ва ўсіх краінах, САЗ рэкамендуе шырэй выкарыстоўваць умоваю для паездак ПЛР-тэставанне або ізаляцыю. Своечасовымі прапановы САЗ лічыць доктарка Ганна Барушка.

«Мы ўжо ведаем як змагацца з эпідэміяй, таму больш упэўненасці ў сваіх дзеяннях, больш упэўненасці, што зможам дапамагчы невакцынаваным, бо большасць тых, хто звяртаецца па медычную дапамогу, – гэта не вакцынаваныя», – кажа Ганна Барушка.

Першай у Еўропе пра адмену практычна ўсіх каранцінных захадаў абвесціла Вялікая Брытанія. З 27-га студзеня скасоўваюць ковід-пропускі, працу з дому і нават абавязковае нашэнне масак. А ў сакавіку плануюць адмяніць самаізаляцыю пры каронавірусе. Міністр аховы здароўя назваў краіну самай адкрытай у Еўропе.

«Але гэта не канец шляху. Мы не можам выкараніць гэты вірус і яго будучыя варыянты. Замест гэтага мы павінны навучыцца жыць з ковідам так сама, як мы навучыліся жыць з грыпам. І гэтай вясной мы распрацоўваем доўгатэрміновы план жыцця з ковід-19», – кажа міністр аховы здароўя Вялікай Брытаніі Саджыд Джавід.

Вяртаюцца ў неба і самалёты, нават самыя вялікія. British Airways ужо аднавіла палёты ў Ёганэсбург на «Эйрбас A380», з амаль паўтысячай пасажыраў на борце. У сакавіку такія ж двухпалубныя самалёты паляцяць у паўночнаамерыканскія аэрапорты, як гэта было да пачатку пандэміі. На 47 адсоткаў павелічэнне плыні пасажыраў у свеце прагназуюць авія-аналітыкі «Сірыэм». Гэта ўзровень 2015-га года.

У іншых еўрапейскіх краінах настрой менш аптымістычны. У Нямеччыне колькасць новых выпадкаў ковіду імкліва расце ўжо тыдзень. Пра рост захворванняў і магчымыя новыя абмежаванні паведамляюць Літва і Латвія. Наперадзе пік хвалі і ў Беларусі, адзначае Ганна Барушка, і раіць тэрмінова прышчапіцца.

«Тым, хто мае магчымасць прышчапіцца, ці атрымаць бустэрную дозу, я б рэкамендавала выбіраць “Спутнік лайт”, таму што ў яго аналагу астразэнэка будзе добры імунітэт дастатковы для таго, каб вытрымаць хвалю о-мікрону», – кажа Ганна Барушка.

Што праўда, пакуль завозяць у Беларусь іншую вакцыну – Міністэрства здароўя анансуе рэйс з Кітаю з трыма мільёнамі доз вакцыны Vero Cell. Поўны курс вакцынацыі, паводле афіцыйнай інфармацыі, атрымала амаль палова беларусаў – 45 %. Аднак, нягледзячы на гэта і на рэкамендацыі САЗ адносна міжнародных паездак, улады Беларусі не плануюць адмяняць абмежаванняў на выезд з краіны наземным транспартам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»