Амаль 2 мільёны 700 чалавек. Столькі беларусаў не маюць сродкаў на напаўненне гэтак званага спажывецкага кошыку – набору неабходных харчоў, тавараў, паслугаў і плацяжоў, падлічыў Белстат. Гаворка пра грамадзянаў, прыбытак якіх летась у сям’і з 4 чалавек не перавышаў 344 рублі на аднаго.
Ці маюць гэтую суму беларусы цяпер?
«Не, не атрымліваецца. Я медсястра. Заробак – 550 рублёў. Плюс сын. Таму – адкуль?»
– Калі ашчаджаць, то так.
– А калі не ашчаджаць?
– А калі не, то не.
«Хто на што вучыўся. У нас атрымліваецца больш».
«У нас атрымліваецца 340. Але пражыць на гэта… толькі, калі сабе ўва ўсім адмаўляць, толькі хадзіць у краму і забыць увогуле пра ўсё. Пра адзенне і пра ўсё астатняе».
Сітуацыя ж у рэгіёнах выглядае яшчэ горш. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёлета ў жніўні беларусы змаглі набыць менш тавараў, чым летась, у кожным шостым раёне краіны. Штопраўда, аналітык даследчыцкага цэнтру BEROC Леў Львоўскі сітуацыю крытычнай не называе:
«Па-першае, гэта адбылася толькі ў 22-х з больш як 100 нашых раёнаў. Па-другое, гэтае зніжэнне не было надзвычай вялікае. Усё гэта ўкладаецца ў 1-2 адсоткі».
Некалькі дзясяткаў гэтак званых дэпрэсіўных раёнаў – дзе мінімальны набор тавараў у межах спажывецкага бюджэту людзям не па кішэні – у першым квартале сёлета фіксавала таксама Федэрацыя прафсаюзаў. У спісе лідаруюць – Віцебшчына і Магілёўшчына. Нягледзячы на адміністратыўнае падвышэнне сёлета мінімальнага спажывецкага бюджэту.
Леў Львоўскі, Даследчы цэнтр BEROC:
«Варта проста арыентавацца на эканамічны рост і глядзець за тым, каб гэты рост у роўнай ступені адносіўся да ўсіх пластоў насельніцтва. Каб прыбыткі раслі не толькі ў багатых, але і ў бедных, а ўсталёўваць адміністратыўныя лічбы ў цэлым для доўгатэрміновай перспектывы – не гэтак і важна».
Гэтак, паводле падлікаў Белстату, у траўні амаль 2,5 адсоткі беларусаў мелі налічаны заробак меншы за 300 рублёў пры мінімальна гарантаваным дзяржаваю 330 рублёў.
Юлія Лабанава belsat.eu