2 гады «хіміі» за абразу Чамаданавай, суд за зламаную нагу сілавіка


За абразу прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных спраў Вольгі Чамаданавай – два гады хатняй «хіміі». Асуджаны менчук Дзмітрый Ушацкі за каментар у тэлеграм-чаце «Банда Лукі». Да таго ж суд абавязвае мужчыну выплаціць 5000 рублёў маральнай кампенсацыі.

Год калоніі строгага рэжыму атрымаў актывіст страйку на «Белшыне» Віталь Красніцкі за парушэнне нагляду – спазняўся дадому на 15-40 хвілін. Нагляд усталёўваецца ў выпадку дзвюх ці болей адміністратыўных справаў цягам двух гадоў пасля вызвалення. Бабруйчанін выйшаў у ліпені пасля паўгадовай адседкі за крадзеж. З канца жніўня завадчанін атрымаў каля васьмі пастановаў суда за ўдзел у пратэстах і невыкананне патрабаванняў нагляду.

«Я ў шоку. Гэта рэальна шмат. Шмат людзей ведаю, хто па такім жа артыкуле быў судзімы і год каб запыталі – пападаюцца разоў па восем, а тут з першага разу адразу максімальны тэрмін», – абураецца Віталь Красніцкі.

Пачаўся суд над студэнтам БДУІР Арцёмам Вінакуравым, якога вінавацяць у закліку да страйкаў ва ўніверсітэце. Арцём прызнаны палітвязнем, хлопцу пагражае да трох год зняволення ці абмежавання волі.

А студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту Цімафей Журкевіч сёння выйшаў на волю з мясцовага ізалятара пасля 10 содняў. 16 студзеня хлопца затрымалі пасля ператрусу ў межах крымінальнай справы. Праз тры дні студэнта мусілі вызваліць, але прысудзілі яшчэ 7 содняў за ўдзел у відэазвароце. Ці Цімафей дагэтуль падазраваны па крымінальнай справе – невядома.

«Ніхто не абражаў. Усе ведаюць палітычных – ніхто да іх дрэнна не ставіцца. Толькі што сумна – мозг увесь час галадае, трэба чымсьці падпітваць. У асноўным я займаўся палітызацыяй насельніцтва і судоку. Вось я не ўмеў гуляць у судоку, навучыўся і цяпер гуляў да самага выхаду», – узгадвае Цімафей Журкевіч.

Апошняе слова прамовіў у судзе Віктар Барушка. За зламаную нагу міліцыянта мужчыне пагражае да 10 гадоў зняволення.

«Я сапраўды ўцякаў, але пасля падсечкі пачаў завальвацца і падаць, а пасля мяне паднялі працаўнікі міліцыі і завялі ў аўтазак. Гэтае відэа пацвярджае тыя абставіны, што ўсё адбылося вельмі хутка, імгненна, за долю секунды. І здзейсніць нейкія свядомыя актыўныя дзеянні ў выглядзе нанясення акцэнтаванага ўдару я не мог, але дапускаю, як і казаў раней. Як прагледжваецца ў вышэй указаным відэазапісе такое магло адбыцца па незалежных ад мяне абставінах, выпадкова», – сказаў у апошнім слове Віктар Барушка.

Пасля ва ўпраўленні Ленінскага раёну мужчыну збілі і згвалцілі міліцэйскай дубінкай. Віктар Барушка ляжаў у рэанімацыі 12 дзён.

«Бог пакарае ўсіх. Клянуся, ад першага дня нікому зла не жадала, нікому! Ніводнаму чалавеку-удзельніку гэтай падзеі. Нават тым, хто здзекаваўся над маім сынам. Я нікому не жадала нічога дрэннага – Бог рассудзіць нас. У нас заўсёды ёсць выбар: заставацца нам людзьмі ці нелюдзямі. Няхай яны памятаюць гэта, на якім яны баку», – упэўненая маці Віктара Ніна Барушка.

Па факце гвалту з боку сілавікоў дагэтуль не паўстала ніводнай справы. Заўтра а 10 раніцы ў судзе Ленінскага раёну Віктару Барушку вынесуць прысуд. Цяпер у Беларусі 189 палітвязняў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»