2,5 гады калоніі агульнага рэжыму за тое, што зняла балаклаву з міліцыянта


У Менску адбыўся суд над грамадзянкай Швейцарыі Наталляй Хершэ. Яе асудзілі на 2,5 гады калоніі за супраціў міліцыянту пры выкананні.

Хоць вырак абвінаваўчы, Наталля Хершэ з залы суда выходзіць з высока паднятаю галавою. За тое, што жанчына зняла балаклаву з міліцыянта і нібыта падрапала яму твар, суд Савецкага раёну гораду Менску пакараў яе двума з паловаю гадамі калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго Наталлю забавязалі пакрыць сілавіку маральную шкоду, ацэненую на тысячу беларускіх рублёў.

«Гэта адназначна несправядлівы прысуд. За нібыта драпіну. Драпіну, якая яшчэ і не даказаная, даваць два з паловай гады. Прабачце, гэта не суд. Мы будзем падаваць апеляцыю. Мы будзем звяртацца спачатку ў гарадскі суд, а далей аж да Вярхоўнага Суда мы будзем абскарджваць гэты прысуд. Несправядлівы» – кажа брат Наталлі, Генадзь Касьян.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

Вось толькі чаму сілавікі так баяцца страціць гэтыя маскі? І навошта яны ім патрэбныя? Гэтыя пытанні мы задалі мінакам. Меркаванні падзяліліся.

Вось некаторыя з адказаў, якія далі жыхары і госці Менску:

«Так ад гэтага… ад віруса… каранавіруса! Ніхто не хоча паміраць».

«Вы ж свой твар таксама закрываеце маскамі».

«Таму што іх жа і пераследуюць, і ў адказ ім спрабуюць нешта… Напэўна, хочуць схаваць свой твар, каб іх не пазналі».

«Сорамна людзям. Ды гэта ўжо нават не людзі. Ім проста сорамна за свае ўчынкі. Чаму раней яны гэтага не рабілі? Таму што раней яны не рабілі такіх гадасцяў людзям. А зараз яны іх забіваюць! »

«Я думаю, баяцца. Іх ужо шмат разоў хтосьці падставіў, вывешваючы спісы, што яны малайцы, яны прыгажун. Я думаю, усё ў іх там потым будзе добра. Ха-ха».

«Калі б амапаўцы праводзілі нейкія спецаперацыі, тады маскі былі б патрэбны, а калі яны выступаюць супраць народу, то народ павінен ведаць сваіх «герояў».

А вось Наталля свайго твару паказваць не баіцца. І яго ўжо ведае ледзь не ўся Беларусь. Як кажуць сваякі жанчыны, за дзень у следчы ізалятар ёй прыходзіць да некалькіх дзясяткаў лістоў з усёй краіны. Яны дапамагаюць і далей верыць у перамогу. Таму Наталля ўсміхаецца, нават седзячы на лаве падсудных.

«Яна пісала ў лісце тату: «Гена, калі я не магу паўплываць на сітуацыю, значыць, мне трэба яе прыняць. Значыць, чамусьці мне трэба тут быць». Таму, калі чалавек унутрана адчувае, што праўда за ім, яму няма чаго баяцца. Яна не баіцца. Таму, напэўна, яна такая сёння была» – кажа пляменніца Наталлі, Кацярына Касьян.

Актыўную працу ў справе Хершэ вядуць і швейцарскія дыпламаты. Хоць у жанчыны застаецца таксама і беларускі пашпарт, амбасадар асабіста прысутнічаў на ўсіх судовых пасяджэннях і ўжо некалькі разоў наведваў Наталлю ў ізалятары.

Міхаіл Прановіч, belsat.eu