Плошча-2010: якія высновы трэба было зрабіць?


Сёння – гадавіна Плошчы-2010. У гэты дзень 12 гадоў таму тысячы нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў выйшлі на вуліцы Менску. На той час гэта была адна з найбольш масавых акцыяў пратэсту ў Беларусі. Але падзеі 2020 года сталіся больш маштабнымі. Што агульнага паміж двума пратэстамі ды якія высновы трэба было зрабіць пасля Плошчы-2010?

Каласальны адрыў ад апанентаў. Абвяшчэнне перамогі Лукашэнкі, які вылучаўся на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе на чацвёрты тэрмін, прымусіла людзей выйсці на вуліцы. На плошчы Незалежнасці тады сабраліся да 60 тысячаў мірных пратэстоўцаў. Бралі ўдзел і дэмакратычныя кандыдаты з прадстаўнікамі сваіх штабоў. Меней чым за гадзіну сілавікі «зачысцілі» плошчу Незалежнасці.

Па дзяржаўным тэлебачанні гвалт сілавікоў апраўдалі, сказаўшы, што пратэстоўцы штурмавалі Дом ураду. Апаненты Лукашэнкі цвердзілі: гэта была правакацыя, зладжаная сілавікамі.

«Былі прыцягнутыя вялікія сілы: вайсковыя, міліцыя. Гэтак было кожныя 5 гадоў – людзей затрымлівалі, саджалі, разганялі ўсе мітынгі. І на гэтым усе сканчалася. Бо людзей прыходзіла не так шмат, як у 2020 годзе», – распавёў кіраўнік ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў «ByPol» Аляксандр Азараў.

Пасля разгону ў 2010 годзе масавы пратэставы рух скончыўся адразу і надоўга. У 2020-м людзі выходзілі на вуліцы амаль 4 месяцы. На думку палітолага Валера Карбалевіча, прычына таму – розная грамадска-палітычная сітуацыя. Па-першае, у 2010 годзе не было адзінага кандыдата ад апазіцыі. Таму галасы беларусаў расцерушыліся, і Лукашэнка, відавочна, атрымаў статус лідара прэзідэнцкай гонкі. Па-другое, на Плошчы гучалі розныя заклікі, у тым ліку стварыць новы ўрад ці пералічыць галасы выбарнікаў.

«Не было адчування, што мы перамаглі. А калі так, то не вельмі зразумелы сэнс пратэсту. У 2020 годзе ў грамадства было поўнае адчуванне, што Лукашэнка выбары прайграў. Што ягоны апанент Святлана Ціханоўская атрымала большасць галасоў. І гэтае адчуванне насілася ў паветры», – патлумачыў Валер Карбалевіч.

Пры гэтым Плошча-2010, лічыць адзін з яе лідараў і экс-кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў, у тым ліку стварыла падмурак для масавага пратэставага руху ў 2020 годзе.

«Рэвалюцыя была падрыхтавана ўсімі акцыямі пратэсту, дзейнасцю апазіцыі, дзейнасцю грамадзянскай супольнасці. Я заўсёды кажу, што ў 2010 годзе мы мелі паўстанне, а 2020-м – сапраўдную рэвалюцыю», – адзначыў каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Але высновы Плошчы ў 2010 годзе не былі зробленыя, адзначыў Андрэй Саннікаў.

«Чаго бракавала ў 2010 годзе? Людзей і рашучасці. У 2020-м былі людзі і рашучасць, лідараў не было. І дагэтуль нашы лідары ў турмах», – дадаў Андрэй Саннікаў.

Нягледзячы на шэраг адрозненняў, Плошча-2010 і падзеі 2020-га, падкрэсліў Валер Карбалевіч, усё ж такі падобныя.

«Усе палітычныя пратэсты падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі мелі аднолькавую прыроду. Пратэст супраць несправядлівасці, супраць гвалту, супраць фальсіфікацыі выбараў і парушэння закону», – распавёў Валер Карбалевіч.

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні: калі чакаць яшчэ адну Плошчу – невядома. Бо пратэставы патэнцыял немагчыма вызначыць да таго часу, пакуль ён не будзе зрэалізаваны.

Ірына Юр’ева, «Белсат»