Аргентына стала чэмпіёнкай свету па футболе


Аргентына праз 36 гадоў зноў перамагла на чэмпіянаце свету па футболе. Як і ў 1986-м, гульня паўднёваамерыканскай зборнай надзвычай моцна залежала ад яе лідара. Тады атакі канструяваў Д’ега Марадона. Цяпер – Льёнэль Мэсі. Прычым для Мэсі, які мае сур’ёзны па мерках футбаліста ўзрост, гэта быў ледзьве не апошні шанец узяць золата мундыялю. Льёнэль нарадзіўся ўсяго праз год пасля трыумфу Марадоны. Менавіта з ім, а яшчэ з Крыштыяну Раналду, Мэсі параўноўвалі цягам усёй карʼеры.

«Футбол часоў Пэле або Марадоны быў іншым. Калі ўжо параўноваць яго з Крыштыяну Раналду (а гэта будуць рабіць несупынна), то Мэсі дасягнуў таго, чаго Раналду не зробіць – стаў чэмпіёнам свету», – лічыць аматар футболу Аляксандр Фрыдман.

Фінальная гульня сталася ўпрыгожваннем турніру. Аргентынцам супрацьстаялі дзейныя чэмпіёны – французы. Зрэшты, у першым тайме «трохкаляровыя» былі зусім не заўважныя на полі – ніводнага ўдару па браме. А вось аргентынцы дамінавалі ды забілі двойчы. Мэсі адкрыў лік з пенальці, Ды Марыя вызначыўся пасля прыгожай атакі. 2:0 па выніках 45 хвілінаў.

«Ні Мбапэ, ні Жыру нічога не маглі паказаць, – кажа блогер і аўтар YouTube-каналу «ЧестнОК» Яраслаў Пісарэнка. – Было такое адчуванне, што заканамерна вельмі проста і без аніякай барацьбы пераможа Аргентына. Але замены, якія зрабіў Дэшам далі сваё».

У другой палове французы вярнуліся ў гульню. Двойчы вызначыўся Кільян Мбапэ, якога Дыд’е Дэшам перавёў з флангу на вастрыню атакі. Спачатку ён зрэалізаваў пенальці, а потым эфектна прабіў з лёту. 2:2 і наперадзе дадатковы час.

Там нас чакалі яшчэ паўгадзіны неверагоднага футболу і два забітыя мячы. Мэсі вывеў Аргентыну наперад. Мбапэ зноўку адгуляўся.

Завяршыўся гэты футбольны трылер серыяй пенальці. Французы не пацэлілі ў сетку двойчы. А вось паўднёвыя амерыканцы білі без промаху. Аргентына – чэмпіёнка свету трэці раз у гісторыі! Мэсі – найлепшы гулец турніру.

«Гэта быў і фінал і турнір Льёнэля Мэсі. Я ўбачыў у гэтым футбалісце тое, чаго я ў ім не бачыў ці што не кідалася ў вочы: як ён паводзіўся. Гэта быў сапраўдны звер. Ён быў вельмі эмацыйны. Ён крычаў. Гэта тая эмоцыя, дзеля якой мы і глядзім футбол», – разважае Яраслаў Пісарэнка.

Чэмпіянат свету, які ўпершыню прымала краіна Блізкага Усходу, стаўся адным з самых скандальных у гісторыі. Згодна расследаванню FBI, Катар з дапамогаю подкупу атрымаў права правесці турнір. А паводле інфармацыі The Guardian, падчас рыхтавання інфраструктуры чэмпіянату загінулі блізу шасці тысяч рабочых з бедных краінаў Азіі. Арганізатары гэтыя лічбы абвяргалі. Аднак скандалы адбываліся нават падчас мундыялю. Абмежаванні ў працы журналістаў, забарона заўзятарам ужываць алкагольныя напоі на стадыёнах, а гэтаксама прыходзіць у строях вясёлкавых колераў. ФІФА ж не дазволіла Уладзіміру Зяленскаму звярнуцца да аматараў футболу перад фіналам сусветнага першынства.

«Катар фактычна набыў гэты чэмпіянат і правёў яго так, як ён палічыў патрэбным, – мяркуе Аляксандр Фрыдман. – І ФІФА пагадзілася гуляць паводле правілаў Катару. Што застанецца ад гэтага чэмпіянату – вось гэты феерычны фінал. Такіх фіналаў у гісторыі чэмпіянатаў, можа, і не было».

Нягледзячы на ўсе праблемы, ФІФА пачуваецца зусім няблага. Яе прэзідэнт Джанні Інфантына адсправаздачыўся аб рэкорднай выручцы па выніках турніру – сем мільярдаў долараў ЗША. Таму не дзіва, што чэмпіянат свету ў Катары стаўся апошнім, які праходзіў у фармаце з трыццаццю двума ўдзельнікамі. У наступным мундыяле возьмуць удзел ужо 48 зборных. Ён пройдзе адразу ў трох краінах: ЗША, Канадзе і Мексіцы.

Ян Федаровіч, «Белсат»