«Гумовы» спіс «экстрэмістаў»


Мажны барадач-ісламіст, у адной руцэ – кулямёт, у другой – мачэтэ. Бадай, такі стэрэатып вобразу экстрэміста найбольш папулярны. Гэтак званыя экстрэмісты са спісу лукашэнкаўскага Міністэрства ўнутраных справаў – абсалютна іншыя, але, відавочна, баіцца іх рэжым не менш за чалавека з кулямётам. Цяпер у гэтым спісе – 1881 асоба.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі, здавалася б, нічога не адбываецца на вуліцах, не адбываецца яркіх пратэстаў, але наяўнасць «экстрэмістаў» дае гэтай дзяржаве нейкія прапагандысцкія маральныя падставы ажыццяўляць новыя рэпрэсіі», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Беларускі супраціў узору 2020-га быў відавочна негвалтоўным. Людзі выйшлі на пратэст, бо абурыліся маштабам фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах, а таксама здзекам сілавікоў Лукашэнкі. Вобраз сярэдняга пратэстоўца шмат у чым супадае з партрэтам «экстрэміста».

Незалежны навуковец Сяргей Бесараб апрацаваў звесткі са спісу МУС, якія ёсць у адкрытым доступе, і склаў такі партрэт. Тыповы «экстрэміст» у Беларусі – гэта 36-гадовы мянчук, якога зваць Аляксандр, Сяргей або Андрэй. Паводле знаку задыяка – Цялец, Рак ці Леў. Асуджаны за «дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак» або за «абразу прадстаўніка ўлады».

«Вобраз сярэднестатыстычнага «экстрэміста» я вырашыў стварыць, таму што я навуковец, і любы навуковец, які бачыць вялізны масіў хаатычных дадзеных, ён хоча іх прааналізаваць і прывесці да нейкае сістэмы», – распавядае навуковец Сяргей Бесараб.

«Гэта партрэт сапраўды большасці тых, хто і ў дваццатым годзе на вуліцы выходзіў. Там былі вельмі розныя людзі, але была рэвалюцыя сярэдняга класу. Канечне, гэта спрашчэнне, але на тое і сярэдні агульны партрэт. Адпаведна, цяпер такіх людзей «экстрэмістамі» прызнаюць», – кажа палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

Летась лукашэнкаўскае МУС намалявала свой партрэт пратэстоўца, то бок «экстрэміста»: «Беспрацоўны мужчына ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, альбо які працуе на нізкааплочвальнай пасадзе». Гэтак рэжым спрабаваў маргіналізаваць пратэстоўцаў, сцвярджае Вадзім Мажэйка:

«Партрэты, якія малююць сілавікі, грунтуюцца на прапагандзе, на жаданні выставіць сваіх апанентаў нейкімі маргіналамі, наркаманамі, прастытуткамі».

«Я памятаю, адзін з прапагандыстаў «Советской Белоруссии» неяк напісаў артыкул »Бунт сытых«, ці штосьці такое», – прыгадвае Віталь Цыганкоў.

Дык беспрацоўныя ці сытыя? Атрымліваецца, прапаганда супярэчыць сама сабе. Днямі, узгадваючы пратэсты, Лукашэнка прызнаў, што значная частка пратэстоўцаў належала да працаўнікоў ІТ-сектару:

«Нашыя людзі (гэта таксама шчыра трэба прызнаць), якія працуюць у Парку высокіх тэхналогіяў, атрымоўваюць прыстойныя прыбыткі, заробкі».

Паводле Віталя Цыганкова, стварыць сярэдні партрэт пратэстоўца складана, бо пратэсты 20-га вылучаліся менавіта сацыяльнаю разнастайнасцю:

«Калі я сядзеў у камеры РУУС 13 жніўня, там былі і айцішнік, і слесар, і прадпрымальнік, і рабацяга. Літаральна сярод васьмі чалавек было прадстаўлена самае шырокае кола беларускага грамадства».

І ўсе гэтыя людзі ў вачах рэжыму – «экстрэмісты». Паводле Вадзіма Мажэйкі, МУС пашырае свой спіс яшчэ і для таго, каб трымаць грамадства ў страху. Зрэшты, гэта – не адзіны элемент запалохвання. Як заявіў адыёзны намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў, у Менску да канца года створаць новы батальён спецназу. Мяркуючы з апісання, займацца гэты батальён будзе ў тым ліку і палітычнымі рэпрэсіямі. Але, як адзначае Вадзім Мажэйка, рэсурсы ў кіравання пры дапамозе страху – абмежаваныя.

Алесь Яшчанка, Белсат