Пераслед паводле палітычных матываў


Беларускі рэжым працягвае рэпрэсаваць беларусаў, які выступілі супраць цяперашняй улады.

Заснавальніка «Сымбаль Бай» Паўла Белавуса асудзілі на пятнаццаць сутак за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Учора Паўла ня вызвалілі пасля заканчэння тэрміну затрымання: яго зноў павезлі на Акрэсціна.

Затрымалі Белавуса за тое, што ён перасылаў праз «Белпошту» кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя», якую ўлады прызналі экстрэмісцкаю.

Тым часам у Менскім гарадскім судзе працягваецца разгляд справы палітзняволенай Вольгі Залатар. Яе затрымалі ў сакавіку і абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання, а таксама ў арганізацыі грубых парушэнняў грамадскага парадку. Вольга, маці пяцярых дзяцей, сцвярджае, што яе катавалі, прымушалі сведчыць супраць сябе, змяшчалі ў псіхіятрычную лякарню. Цяпер Вользе Залатар пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

А напярэдадні ў Горадні судзілі міжнароднага сакратара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Валянціна Аскірку. Затрымалі яго на працы – ён вёў урок у адной з гарадзенскіх школаў. Раней Валянціна звольнілі з універсітэту імя Янкі Купалы. І вось цяпер Аскірку арыштавалі на 10 сутак нібыта «за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў».

Пяцідзесяцігадовая мянчанка Марына Снытко пайшла пад суд за тое, што раней у сацыяльнай сетцы пакінула ня дужа добразычлІвы каментар пра бабруйскага міліцыянта Комара. Пацярпелы ацаніў свае маральныя пакуты ў тысячу рублёў, а суддзя Ачалава дадала Марыне Снытко яшчэ тры гады так званай хатняй хіміі. Агулам міліцыянт Комар падаў у суд каля паўсотні падобных заяваў.

Марына Яновіч, «Белсат».