ЗСУ прарвалі фронт і высадзіліся на левым беразе Дняпра


Расейскія акупацыйныя войскі пасля некалькіх дзён адноснага зацішша аднавілі спробы атачыць Аўдзееўку ў Данецкай вобласці. У той жа час ЗСУ, падобна на тое, прарвалі лінію фронту ў Херсонскай вобласці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вялікія групы ўкраінскага дэсанту змаглі фарсіраваць Дняпро і замацавацца на левым беразе ракі. Першымі пра значныя поспехі ЗСУ непадалёк знішчанага Антонаўскага мосту распавялі ўчора расейскія зэт-ваенкоры, сёння інфармацыю пацвердзілі аналітыкі «Інстытуту вывучэння вайны» і, хоць і ўскосна, ва ўкраінскім Генштабе.

Сілам спецыяльных аперацыяў удалося ўзяць пад кантроль паселішча Пойма непадалёк акупаваных Алэшак. Таксама байцы ЗСУ ўвайшлі ў суседнюю вёску Пішчанаўка, дзе распачаліся баі з расейскімі войскамі.

Калі ўкраінскім ваярам удасца замацавацца і пашырыць занятыя тэрыторыі, гэта можа стаць плацдармам для маштабнага перакідвання сілаў ЗСУ на левы бераг Дняпра для далейшай атакі на Алэшкі і далейшага руху да акупаванага Крыму.

«Днепр пасля падрыву Кахоўскай ГЭС на гэтым сваім кавалку стаў трошкі больш вузкі, і цяпер цалкам магчымае навядзенне маставых пераправаў для перакідвання тэхнікі на іншы бераг», – лічыць вайсковы эксперт, кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабальных даследаванняў Паўло Лакійчук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Генштаб ЗСУ

Пасля некалькіх дзён адноснага зацішша расейцы з новаю сілаю аднавілі наступальныя дзеянні каля Аўдзееўкі Данецкай вобласці. Аднак яны не дасягнулі значнага прасоўвання. Падчас атакаў акупацыйныя войскі выкарыстоўваюць вялікую колькасць артылерыі і штурмавой авіяцыі. Паводле інфармацыі прэсавай службы сілаў абароны таўрыйскага кірунку, за мінулыя содні ўкраінскія вайскоўцы адбілі тры атакі расейцаў на горад і збілі штурмавік Су-25. Гэта пяты расейскі самалёт, знішчаны ЗСУ на гэтым кірунку за апошнія 10 дзён.

«Там сфармаваўся такі выступ, фактычна “мешок”, у пачатку мінулага году. Выступ акупацыйных войскаў на поўначы і поўдні. Горад атачаюць з трох бакоў. Вельмі вялікі саблазн для генералаў сказаць “Так, мой фюрэр” і паспрабаваць узяць горад у поўнае атачэнне. Расейцам цяпер патрэбная хоць нейкая гісторыя поспеху», – кажа Паўло Лакійчук.

Агулам, паводле звестак украінскага Генштабу, за содні сіламі ЗСУ былі знішчаныя сярод іншага 39 расейскіх артылерыйскіх сістэмаў, 17 баявых браняваных машынаў і 11 танкаў. Страты сярод асабовага складу акупацыйных войскаў склалі 630 асобаў. Сярод ліквідаваных ЗСУ на запарожскім кірунку – Аляксандр Мажаеў, больш вядомы як «Бабай». Мажаеў раней быў пад судом за гандаль наркотыкамі, ён ваяваў ва Украіне з 2014 года. Вясною таго года, у вобразе «казака», ён браў удзел у захопе адміністрацыйных будынкаў у Данецку і ў іншых гарадах Данбасу ды стаў адным з твараў гэтак званай «расейскай вясны».

Аляксандр Баразенка, «Белсат»