Прэмію Сахарава-2022 атрымала Украіна


А цяпер будзе ўрачыста. Украіна пераможа – бо самая галоўная бітва яшчэ наперадзе! Але ўжо перамагла сёння. Прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава сёлета атрымаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі як прадстаўнік, цытата, «смелага народу Украіны». Лаўрэата аб’явілі на паседжанні Канферэнцыі прэзідэнтаў Еўрапейскага парламенту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мужны народ Украіны на чале з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім штодзень абараняе еўрапейскія каштоўнасці на палях бітваў», – казала дэпутатка Еўрапарламенту Раса Юкнявічыене яшчэ пры вылучэнні намінантаў на прэмію Сахарава.

Падчас абʼяўлення лаўрэата старшыня Еўрапарламенту Рабэрта Мэтлосала прамовіла наступныя словы:

«Для мяне таксама важна вам сказаць, што ў нас быў кансенсус наконт гэтага выбару. За апошнія 9 месяцаў Еўрапарламент і свет бачылі, як украінцы гераічна абаранялі сваю краіну, сваю свабоду, свае дамы, свае семʼі. Але ўкраінскі народ таксама рызыкуе сваім жыццём дзеля Еўропы, каб абараніць каштоўнасці, у якія мы ўсе верым: свабода, дэмакратыя, вяршэнства права. Няма нікога, хто больш заслугоўвае гэтай прэміі».

Першапачаткова ўкраінскі народ і Уладзіміра Зяленскага вылучалі ў якасці асобных кандыдатаў, але пазней іх абʼядналі. З моманту пачатку вайны Расеі супраць Украіны Уладзімір Зяленскі штодня запісвае звароты да ўкраінцаў і сусветных палітыкаў. У адным з іх ён сказаў, што за гэтыя 6 месяцаў украінцы змянілі гісторыю, змянілі свет і змяніліся самі. Вось і сёння ён натхняе ўкраінцаў:

«Я дзякую ўсім сябрам Украіны, дзякую кожнаму і кожнай, хто ваюе, працуе дзеля нашай перамогі! Што б ні планаваў вораг і што б ён ні рабіў, нашая перспектыва відавочная: Украіна абароніць сябе! Слава Украіне!» – казаў Уладзімір Зяленскі ў сваім папярэднім звароце.

Якія прыклады сваёй адвагі могуць назваць самыя ўкраінцы, мы запыталі на вуліцах Кіева:

«Я ведаю некалькіх асобаў, якія атрымалі раненні. На гэты момант ужо вылекаваліся і зноўку гатовыя ісці на фронт. Для мяне вось гэта найбольшая мужнасць, напэўна.

«Для мяне гэта можа быць звычайнае валанцёрства. Разумееце, для мяне гэта вельмі мужна. Калі ты нічога не абавязаны рабіць, але ўсё роўна ідзеш і робіш. І мяне гэта, праўда, уражвае».

«Мяне ўразіла смеласць, адважнасць нашага звычайнага народу і, вядома, нашых вайскоўцаў. На фронт пайшло шмат звычайных людзей: настаўнікі, навукоўцы, медыкі. Гэта мужнасць. Ніхто не збіраецца аддаваць Украіны. Мы будзем змагацца да апошняга».

«Абарона Кіева. Было вельмі шмат іхных войскаў, а нашых не так шмат, але яны адбіліся вельмі адважна. Марыупаль. “Азоўсталь”».

Акрамя ўкраінцаў і Зяленскага, на сёлетнюю прэмію прэтэндавалі: Актывіст «Ўікіліксу» Джульян Асанж, якога цяпер утрымліваюць у турме строгага рэжыму ў Лондане. І Калумбійская камісія ў справе ўстанаўлення праўды і прымірэння, якая ўжо 6 гадоў фіксуе парушэнні правоў чалавека падчас грамадзянскай вайны ў Калумбіі.

Прэмію імя Андрэя Сахарава заснаваў Еўрапарламент у 1988-ым годзе. Ёй узнагароджваюць за ўнёсак у барацьбу за свабоду думкі і правы чалавека па ўсім свеце. Летась прэмію «За свабоду думкі» атрымаў расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны, які ўжо быў у турме. Беларусы атрымлівалі прэмію Сахарава тройчы: у 2004-ым годзе лаўрэатам сталася Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006-ым – беларускі палітык, экс-кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч, а ў 2020-ым – прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці, палітыкі Святлана і Сяргей Ціханоўскія, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала, Мікалай Статкевіч, Вольга Кавалькова, актывіст і прафсаюзны дзеяч Сяргей Дылеўскі, пісьменніца Святлана Алексіевіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, блогер Сцяпан Пуціла.

Вольга Васільева, «Белсат»