Гадавіна ўтварэння БНФ: «Калі-небудзь мы будзем гэты дзень успамінаць як гістарычны»


Чырвоны касцёл – адна з візітовак Менску. Цяпер зачынены на ключ. Святыню адбіраюць у вернікаў не ўпершыню. У савецкі час тут месціўся Дом кіно. Але сімвалічна, што ў гэтым гістарычным будынку паўстаў Арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэнне».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падзеі 19-га кастрычніка 1988-га года згадвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету, удзельнік таго сходу Сяргей Навумчык:

«Мы з маім сябрам, цяпер вельмі вядомым пісьменнікам Уладзем Арловым, выйшлі, ішлі пешшу па Менску, адзін з другім размаўлялі, і Уладзя сказаў: “Ведаеш, Сяргей, калі-небудзь мы будзем гэты дзень успамінаць як гістарычны”».

Аднавіць грамадзянскую супольнасць, спрыяць нацыянальна-культурнаму адраджэнню, змагацца за незалежнасць Беларусі. Людзі розных прафесіяў, веку і зацікаўленасцяў аб’ядналіся дзеля гэтых мэтаў.

«Мы вельмі прадумалі гэтую сітуацыю. Па-першае, яна рабілася без шырокага абвешчання, ніхто не ведаў, што будзе ўтварацца Народны фронт, апрача некалькіх чалавек. А стваралася яна на паседжанні арганізацыі “Мартыралог Беларусі”», – узгадвае тыя падзеі стваральнік БНФ, палітык Зянон Пазняк.

Менавіта Курапаты сталіся пачаткам нацыянальнага адраджэння. У наступныя гады БНФ стаўся асноўнаю палітычнаю сілай, якая прывяла Беларусь да незалежнасці.

«Калі Беларускі Народны Фронт атрымаў фракцыю ў парламенце, Вярхоўным Савеце, у гэты крызісны момант менавіта гэтая фракцыя вызначала парадак дня і кірунак руху парламента і ўсяго грамадства. Яна ў 91-ым годзе штурхала краіну ў бок незалежнасці», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

У сваю чаргу Сяргей Навумчык лічыць:

«Калі б не Беларускі Народны Фронт, была б Расея, бо ўсе былі падставы для таго, каб Беларусь засталася часткаю Расеі нават у 91-ым годзе».

З прыходам да ўлады Лукашэнкі на БНФ пачаўся моцны ціск: у выніку Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык зʼехалі ў эміграцыю, яшчэ праз некалькі гадоў у Фронце адбыўся раскол.

Грамадскае абʼяднанне «Беларускі народны фронт “Адраджэнне”» юрыдычна існавала да лістапада 2021-га, рэжым зліквідаваў яго разам з шмат якімі іншымі недзяржаўнымі арганізацыямі.

Жорсткія рэпрэсіі, катаванні, тысячы палітычных вязняў – апошнія гады ў Беларусь відавочна вяртаецца тое, супраць чаго паўставаў БНФ. Але, на думку яго стваральніка, спадзеў застаецца.

«Гэтая дзікасць, гэтыя рэпрэсіі, забойствы, не могуць быць вечнымі, таму гэта ўжо скансалідавала нашую нацыю, скансалідуе яшчэ больш, калі гэты рэжым абваліцца з грукатам, пры тым не толькі ў Менску, але і ў Маскве», – кажа Зянон Пазняк.

Таму, паводле палітыка, беларусы маюць усімі сіламі дапамагаць Украіне і гэтак набліжаць час, дзеля якога ў 1988-ым годзе ствараўся Беларускі народны фронт «Адраджэнне».

Алесь Яшчанка, «Белсат»