Увага: ковід! Здымайце маскі!


Тэрмінова лячыць людзей і адначасова здымаць маскі – так Аляксандр Лукашэнка загадаў чыноўнікам з усіх беларускіх рэгіёнаў змагацца з пандэміяй каронавіруса. Удзельнікі круглага стала сядзелі з адкрытымі тварамі… Калі больніцы перапоўніліся хворымі на ковід, а паліклінікі прыпынілі планавую дапамогу хворым, Лукашэнка абвесціў тыдзень прафілактыкі хваробы. Ці ёсць дзяржаўная стратэгія супраць пандэміі?

Не паспелі беларусы прызвычаіцца да абавязковага нашэння масак у грамадскіх месцах, як Лукашэнка загадаў адкруціць захаду Мінздароўя:

«Калі вы да прэзідэнта свабодна заходзіце, то навошта здзекуецеся з людзей? Да мяне сапраўды ніводная асоба ніколі не прыходзіла ў намордніку, не пыталіся ў яе, вакцынаваная яна ці не, ПЛР-тэстаў не рабілі», – заявіў.

Таму перад стартам прысвечанай каронавірусу нарады маскі знялі чыноўнікі, якія іх на сабе мелі. Як будзем змагацца з ковідам – Лукашэнка патлумачыў кіраўнікам з усіх куткоў краіны, у якіх больніцы – перапоўненыя, а планавы прыём пацыентаў – меўся быць прыпынены. Аднак і гэта Лукашэнка забараніў рабіць.

«Ужо калі лячыць, то лячыць як след, Дзмітрый Леанідавіч! Ад гэтай зонай і да вуліцы! Паднялі бучу на ўсю краіну!», загадаў.

Узяцца за лячэнне людзей, праз тыдзень – прынесці справаздачы… Мінздароўя кажа – не стае лекараў і ложкаў для хворых. Лукашэнка раіць – не ператрымліваць у шпіталях тых, хто ўжо ачуняў. Працаваць – больш… Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка канстатаваў, што не стае і грошай на барацьбу з COVID-19, бо колькасць хворых расце. Запрасіў каля 250-ці млн, Br 140 млн з іх – на набыццё лекаў і вакцын.

Жорсткія супрацьэпідэмічныя захады ашчаджалі б грошы і ратавалі жыцці, лічыць імунолаг Ганна Барушка.

«Калі ўсе выконваюць захады, і мы бачым зніжэнне лічбаў захворвальнасці і смяротнасці. Калі не выконваем – бачым Афрыку, умоўна кажучы, у цэнтры Еўропы, калі народ малаадукаваны ў пытанні, бо не верыць ураду і іншым бакам. Калі смерцяў вакол яго няма – значыць іх нібыта няма нідзе».

Лекар распавяла, што дзяржава праз усе рычагі мае заахвочваць людзей рабіць прышчэпкі. Прынамсі таму, што сярод прышчэпленых не выяўляюць асобаў, якія хварэюць на Ковід у цяжкай форме.

Лукашэнка ж у карысць вакцынаў не верыць. Разам з тым рыхтуе сваю – на 2023 год, бо прызнаў свае словы «Мы паглядзелі, і зрабілі выснову, што мы будзем жыць з гэтым ковідам».

Ковід надоўга, але грошы пойдуць на наладжванне вытворчасці, замест закупу апаратаў ШВЛ у раённыя больніцы… дзе хворых могуць ратаваць ужо сёння. Да канца года ў Беларусь трапяць толькі 15 новых апаратаў.

«Тое што шматлікія беларусы выжывуць – гэта будзе проста добрым збегам абставінаў. Колькі беларусаў выжывуць – не зразумела», – рэзюмуе Ганна Барушка.

Не вядома, колькі асобаў памруць. Давер да афіцыйнай статыстыкі падае, калі параўноўваем лічбы з суседзямі. У Беларусі за апошнія содні памерлі 15 асобаў. Ва Украіне, дзе насельніцтва ўтрая большае – ковід забраў 412 асобаў.

Адказныя за эпідэмічную катастрофу маюць трапіць пад крымінальную адказнасць паводле трох артыкулаў: за падмену статыстыкі, халатнасць і перавышэнне ўлады – заявіў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

«Замест матываваць людзей прышчапляцца, прапагандаваць сацыяльную дыстанцыю і нашэнне масак, вы хваліліся, як класна спраўляецеся з эпідэміяй, як увесь свет вам зайздросціць. Вы злачынцы», – закінуў Латушка.

Летась Аляксандр Лукашэнка іранізаваў з каронавірусу і раздаваў парады лячэння гарэлкаю, саўнай, працай на вуліцы. Сёлета, калі свабодны ложак у шпіталі зрабіўся мараю цяжка хворага ковідам, праблему прызнаў, але стаўлення – не змяніў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»