Лацінка знікне з менскага метро?


Палітыка русіфікацыі пад зямлёю. У менскім метро надпісы лацінкаю на ўказальніках заменяць расейскімі. Пра гэта ў эфіры праўладнага «Радыё-Менск» паведаміў старшыня Менгарвыканкаму Уладзімір Кухараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«І па вуліцах мы гэтую працу інтэнсіўна праводзім, і метро гэтым займаецца. Проста трэба разумець, што аднаразова гэта не зробіш, гэта вельмі вялікая праца і фінансавыя выдаткі. Таму сістэмна адпрацоўваем пытанне».

Замену транслітарацыі на ўказальніках расейскімі надпісамі ў Беларусі зноў пачалі абмяркоўваць напрыканцы мінулага года – з падачы прапагандыстаў. У красавіку з’явілася адмысловая пастанова. Цалкам прыбраць лацінку з указальнікаў у беларускіх гарадах плануюць да канца года.

«Гэта ўсё-такі спробы выслужыцца. Гэта ж не сакрэт, што зараз ідзе знішчэнне ўсяго беларускага. Але карэктней – не толькі беларускага, а знішчаецца ўсё тое, што адрозніваецца ад расейскага», – мяркуе доктар гісторыі ў Карлавым універсітэце Алена Маркава.

Менскае метро. 14 красавіка 2020 года.
Фота: minsknews.by

Лацінская графіка падкрэслівае прыналежнасць Беларусі да еўрапейскай традыцыі, кажа гісторык Аляксандр Фрыдман.

«Сённяшнія ўлады ўспрымаюць усё, што звязанае з Еўропай, як варожае. Яны ўжо нават пазбавіліся ад той рыторыкі, што Беларусь зʼяўляецца еўрапейскай краінай».

Ухваляючы пазбаўленне ад лацінкі, прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі заяўляюць, што на тых жа ўказальніках неабходна выкарыстоўваць толькі дзяржаўныя мовы. Але на практыцы сітуацыя няроўная.

«Цяпер варта нават казаць пра нацыянальную катастрофу. Бо сам міністр адукацыі Іванец кажа, што толькі 10 % – гэта цяжка ўявіць – 10 % вучняў вучацца па-беларуску. То бок 90 % – па-расейску», – адзначыў вядоўца праграмы «Мова нанова», філолаг Віктар Шукеловіч.

На думку Аляксандра Фрыдмана, гэткая русіфікацыя – не новы ўзровень для лукашэнкаўскай Беларусі. Узурпатар проста вярнуўся да свайго традыцыйнага вектару.

Ірына Юрʼева, «Белсат»