Свет развітаўся з каралевай Элізабэт Другой


Учора ўвечары над Ўэстмінстэрскім абацтвам, дзе стаяла труна з целам Элізабэт Другой, заззяла вясёлка. Раніцай доступ ва Ўэстмінстэр-хол закрылі для ахвотных развітацца з памерлай каралевай. Тысячы людзей не паспелі туды трапіць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Звон Уэстмінстэрскага абацтва біў 96 хвілінаў, сімвалізуючы гады жыцця Элізабэт Другой. Тут будучую каралеву хрысцілі, тут яна выходзіла замуж і тут яе каранавалі. Тут а 13-й паводле менскага часу пачалася і гадзінная памінальная служба, на якой прысутнічалі дзве тысячы запрошаных асобаў.

Традыцыя цырымоніі пахавання манархаў ва Ўэстмінстэрскім абацтве вядзецца з 18-га стагоддзя, паніхіда завяршылася двуххвілінным маўчаннем, у тым ліку на вуліцах Лондану і гімнам у гонар новага караля.

Пасля паніхіды труну каралевы правезлі на лафеце каралеўскага вайскова-марскога флоту праз цэнтр Лондану – праз Бакінгэмскі палац да аркі Ўэлінгтана.

Каралеўская сям’я пераадолела гэты шлях пешкі. Адтуль на катафалку труну павезлі ва Ўіндзарскі замак, дзе адбылася закрытая цырымонія. Элізабэт Другую пахавалі ў мемарыяльнай капліцы караля Джорджа Шостага, побач з ейнымі бацькамі ды мужам, прынцам Філіпам.

У цырымоніі пахавання каралевы ўзялі ўдзел каля паўтысячы кіраўнікоў краінаў і замежных лідараў, у тым ліку чальцы каралеўскіх семʼяў з усёй Еўропы, імператар Японіі Нарухіто, прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн, прэмʼер-міністры Аўстраліі і Канады ды лідары многіх іншых краінаў Садружнасці нацыяў. Афіцыйных прадстаўнікоў Расеі на пахаванне не запрасілі, гэтаксама, як і прадстаўнікоў Беларусі, Венесуэлы, Сірыі, Афганістану і Мʼянмы.

На маршруце шэсця пахавальнай працэсіі яшчэ з учорашняга вечара сабраліся тысячы людзей. Агулам жа з 14-га верасня даніну павагі Элізабэт Другой аддалі сотні тысяч брытанцаў і грамадзянаў іншых краінаў. Каб развітацца з каралевай, людзям даводзілася стаяць у чарзе больш за 12 гадзінаў.

«Гэта бліскуча. Я адчуваю, што гэта найменшае, што я магу зрабіць, каб развітацца з жанчынай, якая была выключна натхняльнай фігурай цягам усяго майго жыцця».

«Неверагодна бачыць, як нацыя збіраецца разам. Ва ўсіх нас вольны дзень на працы, і вельмі натхняе бачыць, як усе збіраюцца разам, становяцца і робяцца часткай цэлага. Натхненне ад таго, што адна жанчына можа крануць увесь свет і падарыць усім любоў і ласку. Гэта сапраўды вельмі ўражвае», – кажуць жыхары і госці Лондану.

На пахаванне каралевы ў Лондан прыехалі да мільёна брытанцаў. Такія звесткі падала кампанія «Транспарт для Лондану», спасылаючыся на колькасць квіткоў, набытых на прыгарадныя цягнікі. Паліцыя Лондану заявіла, што забеспячэнне парадку падчас пахавальных урачыстасцяў – найбуйнейшая аперацыя за час працы гэтай службы.

У іншых краінах Садружнасці за пахаваннем каралевы Элізабэт Другой назіралі на вялікіх экранах. Асобная цырымонія ў дзень пахавання прайшла ў Канадзе. Каралева наведвала гэтую краіну часцей за іншыя. У Атаве адбыліся мемарыяльны ды паветраны парады ў гонар памерлай каралевы і прагучаў салют з 96 залпаў. Як і ў Вялікай Брытаніі, дзень пахавання каралевы ў Канадзе – вольны ад працы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»