Па выніках года рост цэнаў можа скласці сямнаццаць з паловай адсоткаў


Аналітыкі Еўразійскага банку развіцця на некалькі дзясятых палепшылі гадавыя інфляцыйныя прагнозы. Дзякуючы сезоннаму росту ў сельскагаспадарчай галіне. Што да рэшты – абвал паводле ўсіх эканамічных паказнікаў. Тлумачым, пры чым тут друкавальны станок.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Свежыя гуркі, папрыка, кукуруза і бульба – танней, чымся ў ліпені. Кошты на сезонную гародніну знізіліся, як і абяцалі чыноўнікі. Праўда, колькі часу пратрымаюцца такія цэны, не акрэслілі. «Калі эканоміка ў рэцэсіі, маюць зніжацца кошты на ўсе тавары і паслугі», кажа прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.

«Попыт на беларускія тавары і за мяжою, і ўнутры – падае. У такіх выпадках зазвычай адбываецца падзенне цэнаў – дэфляцыя. У нас наадварот, цэны растуць бо грашовы пячатны станок уключаны. Гэта вельмі дрэнна, бо скарачаецца занятасць на прадпрыемствах, у тым ліку на дзяржаўных, і змяншаюцца заробкі», – патлумачыў ён.

Аналітыкі Еўразійскага банку развіцця пацвярджаюць, што сельскагаспадарчы фактар станоўча паўплываў на інфляцыю: 17,9 % у жніўні супраць 18,1 % у ліпені, а па выніках года – будзе 17,5 лічаць у ЕАБР. Высокаю інфляцыя сёлета будзе ў многіх краінах. Але заробкі будуць яе даганяць толькі ў тых, дзе расце валавы ўнутраны прадукт – мерка эканамічнага дабрабыту.

«Трэба павышаць заробкі ў такой складанай сітуацыі, у якой аказалася Беларусь. Але гэта крытычна цяжка зрабіць, калі валавы ўнутры прадукт падае», – канстатуе дырэктар даследчага цэнтру CASE Belarus Серж Наўродскі.

Падае сем месяцаў запар. У жніўні падзенне троху меншае, чымся ў ліпені – 4,9 % паводле Белстату. Калі б не сезонны рост у сельскай гаспадарцы, падзенне ВУП склалася б каля 6,5 % – адзначаюць аналітыкі ЕАБР.

«Калі даданая вартасць падае, адпаведна падае аб’ём стварэння прадукцыі ва ўсёй гаспадарцы. Мы кажам пра не толькі фізічныя прадукты, але і пра паслугі. Адпаведна на тую ж адзінку людскога капіталу і рэсурсаў мы ствараем значна менш», – тлумачыць Серж Наўродскі.

Таму назіраем зніжэнне шэрагу эканамічных паказнікаў: на 19,6 % знізіліся інвестыцыі ў асноўны капітал. Вытворчасць у прамысловасці знізілася больш чым на 9,4 %. Аптовы таваразварот зменшыўся на пятую частку і на 5 % – раздробны таваразварот. На 30 % менш адпраўляем грузаў. Расце аб’ём складскіх запасаў. У параўнанні з леташнім жніўнем – на 37 %.

«Праз эканамічныя санкцыі, якія пачалі дзеяць яшчэ да вайны, і тыя, што далучыліся пасля вайны – мы амаль страцілі рынак Вялікай Брытаніі. Для беларускіх тавараў ён прасеў больш чым на 90 %. Мы страцілі рынак ЗША. Ён таксам прасеў больш чым на 90 %. І рынак Еўразвязу, на якім мінус складае больш за 70 %. Гэта паказвае, што адзіным спонсарам рэжыму, экспарт у які расце, застаецца Расея», – падсумаваў Алесь Аляхновіч.

Алесь Аляхновіч кажа, што чыноўнікі спрабуюць прадаваць у асноўным у Расею тыя тавары, якіх праз абмежаванні не купляюць 42 краіны Захаду і Украіна. У меншай ступені – прадаем у Кітай і яшчэ менш – у арабскія краіны. Даходы ад такіх кантрактаў – меншыя, чым былі на страчаных заходнім і ўкраінскім рынках.

Юлія Цяльпук, «Белсат»