Другі «Кубак Івуліна» па футболе праходзіць у Варшаве


Згуляць самому, або паглядзець у справе на легенду беларускага футболу Аляксандра Хацкевіча можна ў Варшаве. Там праходзіць другі «Кубак Івуліна» па футболе. Цікавосткі будуць і для тых, хто футболам не цікавіцца – адбудуцца канцэрты беларускіх музыкаў, імпрэзы беларускага бізнесу ды шмат іншага.

На аматарскі турнір, што цяпер мае назву «Annual Ivulin’s Cup», заявілася неймаверная колькасць удзельнікаў – за 38 камандаў згуляюць амаль 500 футбалістаў.

Першы турнір, што прайшоў летась, праводзіўся на знак салідарнасці з палітзняволеным на той момант футбалістам і блогерам Аляксандрам Івуліным. Сёлета Аляксандр удзельнічае ў спаборніцтве як футбаліст.

«Вельмі няёмка гуляць у камандзе «Ivulin Team», калі «Івулін» напісана на спіне, і турнір называецца «Annual Ivulin’s Cup». Гэта вельмі прыемна, але гэта вялікая адказнасць. І гэты крыж трэба несці далей», – паіранізаваў блогер Аляксандр Івулін.

Геаграфія ўдзельнікаў вельмі шырокая. Эмігранты – беларусы з усяго свету, палякі, украінцы ды прадстаўнікі іншых краінаў. Сярод удзельнікаў – футбалісты-аматары і вядомыя прафесійныя гульцы.

«Асноўная павестка турніру – гэта нагадаць усяму свету пра палітычных вязняў у Беларусі», – паведаміў гулец каманды «Зубры Падляшша» Аляксандр Каваленка.

Удзел у турніры бярэ і каманда «Белсату». Акрамя стылёвае формы, нашая каманда адметная яшчэ тым, што за яе будзе гуляць футбалістка. Раней Ліза прафесійна займалася футболам, фізічная форма і тэхніка ў яе – на высокім узроўні.

«Атмасфера цудоўная! Усё па-сяброўску, ніхто не «піжоніць». Адзіны мінус – гэта моцная спёка», – падзялілася Ліза.

Ператрываць трыццаціградусную спёку дапамагаюць пункты з асвяжальнымі напоямі ды марозівам. Вялікая колькасць нацыянальнае сімволікі стварае святочную атмасферу на пляцоўцы і за ёй.

Турнірныя балы і занятыя месцы – не самае важнае. Галоўнае – згуртаванасць і салідарнасць беларусаў, дзе б мы ні былі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»