Жыхары Нямеччыны рыхтуюцца да вялізных рахункаў за ацяпленне


Амаль афіцыйна: Расея не адновіць паставак газу праз газаправод «Паўночная плынь». 11 лютага «Газпром» прыпыніў свае пастаўкі ў Нямеччыну – быццам бы на дзесяць дзён, але не ўсе верылі, што забеспячэнне адновіцца. Сапраўды, агенцтва Reuters займела ліст, адпраўлены «Газпромам» нямецкім партнёрам: у ім расейскі бок спасылаецца на форс-мажорныя абставіны, што вызваляюць яго ад юрыдычных абавязанняў. І хаця з пачатку вайны ва Украіне Нямеччына мэтава скарачае сваю залежнасць ад расейскіх энергарэсурсаў, краіне ўсё яшчэ цяжка цалкам замяніць расейскі газ. Якая зіма чакае Нямеччыну, разбіраемся з экспертамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Жыхары Нямеччыны рыхтуюцца да вялізных рахункаў за ацяпленне, больш за тое, нямецкія ўлады настойліва заклікаюць максімальна скарачаць спажыванне газу. Папярэджваюць, што ў пэўны момант у некаторых рэгіёнах, магчыма, не атрымаецца забяспечыць газам нават хатнія гаспадаркі, пры тым, што палова насельніцтва краіны грэецца газавымі катламі.

«Урад – я б сказала, нарэшце – апошнімі тыднямі пачаў даносіць да людзей, што мы мусім ашчадна спажываць энергію, каб не апынуцца ў сітуацыі, калі яе не хапае для ўсіх. Калі кожны гатовы крыху ашчадзіць, то бок хатнія гаспадаркі, прамысловыя спажыўцы, а таксама энергетычны сектар, які на пэўны час можа перайсці на вугаль, дык тым, хто сапраўды не можа без газу, яго хопіць», – кажа прафесарка Нямецкага інстытуту эканамічных даследаванняў Францішка Гольц.

Нямецкі ўрад плануе цалкам адмовіцца ад расейскіх энерганосьбітаў. Альтэрнатыву нафце і вугалю ўжо знайшлі. Купляць расейскі вугаль Нямеччына перастане ўжо з 1 жніўня, ад нафты адмовіцца з 31 снежня. У далёкай перспектыве краіна плануе ўвогуле адмовіцца ад гэтых энерганосьбітаў.

«Менш чым праз 25 гадоў мы хочам стаць адной з першых індустрыйных краінаў з нулявым выкідам вугляроду, – расказвае канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. – Пуцінская жорсткая захопніцкая вайна супраць Украіны, выкарыстанне ім энергіі ў якасці зброі, імклівы рост цэнаў на энерганосьбіты – усё гэта толькі падштурхоўвае нас да дасягнення гэтай мэты. Мы мусім пайсці ад вугалю, нафты і газу».

Але адмовіцца ад расейскага газу Нямеччыне нашмат больш складана: краіна – найбуйнейшы спажывец у Еўропе. Да вайны ва Украіне доля расейскага газу складала 55 % імпарту, і хаця Нямеччыне ўдалося значна скараціць гэты адсотак, яна ўсё яшчэ надзвычайна залежыць ад газавага паліва. Усё гэта дазваляе Расеі сапраўды пераўтвараць газ у зброю. 11 лютага «Газпром» прыпыніў пастаўкі ў Нямеччыну праз газаправод «Паўночная плынь». Маўляў, на дзесяць дзён, але ў распараджэнне агенцтва Reuters трапіў ліст «Газпраму» да нямецкіх партнёраў: у ім расейскі бок спасылаецца на форс-мажорныя абставіны, што вызваляюць яго ад юрыдычных абавязкаў.

Паводле спецыяліста ў энергетычнай бяспецы з Польшча Якуба Веха «гэта прымушае зрабіць выснову, што Еўропа найбліжэйшыя месяцы будзе мець сур’ёзныя праблемы, зіма будзе вельмі дарагой і суровай з боку паставак энергіі, і нас чакаюць перапады і адключэнне электраэнергіі або іншыя праблемы з энергазабеспячэннем».

Расея стала скарачаць пастаўкі газу ў Еўропу яшчэ ўвосень, нягледзячы нават на тое, што цана на газ на сусветным рынку тады вырасла ў некалькі разоў. Пасля пачатку вайны ва Украіне цана стала біць рэкорды, аднак Расея, здавалася б, нерацыянальна, скараціла транзіт у Еўропу яшчэ больш.

«Мяркую, гэта своеасаблівая энергетычная аблога Еўропы расейцамі, каб прымусіць еўрапейцаў зняць санкцыі, уведзеныя за апошнія месяцы, і не ўводзіць новых», – працягвае Якуба Вех.

Нямецкі ўрад адзіны ў сваім жаданні адмовіцца ад расейскага газу, што праўда, спачатку гаворка ішла пра сярэднетэрміновую перспектыву. Цяпер жа краіна застаецца са сховішчамі, запоўненымі на больш чым шэсцьдзесят адсоткаў – гэта пакрые вялікую долю зімовага попыту, але не зможа забяспечыць патрэбы цалкам.

«Стратэгія, абраная Нямеччынай, – замясціць столькі, колькі магчыма, і як мага хутчэй перайсці ад расейскага газу на імпарт такіх энерганосьбітаў, як, напрыклад, звадкаваны прыродны газ, – тлумачыць Францішка Гольц. – Цяпер мы не маем тэрміналаў для імпарту звадкаванага прыроднага газу, але мы даволі хутка іх будуем і спадзяёмся, што да канца года, то бок узімку, мы пачнём імпартаваць звадкаваны прыродны газ, што дапаможа замяніць нашмат большы абʼём расейскага газу».

Гэта ўсё яшчэ не перакрые нястачы, якая ўтварылася ў выніку, ужо відаць, доўгатэрміновага спынення паставак праз «Паўночную плынь». Паводле Францішкі Гольц, узімку Нямеччыне, імаверна, давядзецца скараціць патрэбы прамысловасці, а некаторыя энергетычныя кампаніі на поўдні краіны будуць вымушаныя адмовіцца ад выкарыстання натуральнага газу, да таго ж, натуральны газ больш не будзе выкарыстоўвацца ў сферы энергетыкі. Немцы на ўсялякі выпадак купляюць мабільная прыборы электрычнага ацяплення.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»