«Мы працягваем змагацца за нашую долю больш рашучымі, але ўсё яшчэ мірнымі метадамі»


На больш як пяць мільёнаў працаздольнага насельніцтва Беларусі – ніводнай незалежнай прафсаюзнай арганізацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вярхоўны суд спыніў дзейнасць пяці прафсаюзных арганізацыяў, гэта: Беларускі незалежны прафсаюз, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Свабодны прафсаюз беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў і Асацыяцыя прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Генпракуратура, якая была пазоўнікам у справах, заявіла, што дзейнасць недзяржаўных прафсаюзаў мела палітызаваны характар, а іх сябры займаліся дэструктыўнай дзейнасцю. Але сапраўдная прычына ліквідацыі незалежных прафсаюзаў у іншым: улада знішчае непадкантрольныя ёй арганізацыі, так мяркуе Дзяніс Садоўскі:

«Гэта арганізацыі, што аб‘ядноўвалі людзей, дапамагалі людзям, аказвалі юрыдычную дапамогу, рабілі адукацыйныя рэчы. Ну і найперш гэта, вядома ж, магчымасць не ўдзельнічаць у дзяржаўных прафсаюзах і сапраўды ствараць на месцы працы свае суполкі, легальна дзейнічаць, адстойваць свае правы, знаходзіць аднадумцаў. Вось такія аб’яднанні ўладам не падабаліся».

Не даспадобы рэжыму і кіраўніцтва ды сябры прафсаюзных арганізацыяў, супраць некаторых з іх, як паведамілі ў Генпракуратуры, завялі крымінальныя справы ды ўчынілі захады адміністратыўнага ўздзеяння. Дзесяць чальцоў незалежных прафсаюзаў, якія застаюцца за кратамі, праваабаронцы прызналі палітвязнямі: Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў; Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідар прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў і Васіль Бераснеў.

Зазналі пераслед і іншыя прафсаюзныя актывісты, лічыць сузаснавальнік рабочага руху, Юрый Раравы:

«Кампанія ціску на сябраў незалежных прафсаюзаў пачалася яшчэ з канца 2020 года. Вядома, у пачатку 2022-га яна набыла іншы характар, бо і РЭП прызналі экстрэмісцкім ды прымушалі людзей выходзіць. Ім прапанавалі: або мы цябе звальняем з працы, або ты выходзіш».

Хто ў такім выпадку стане на абарону правоў працаўнікоў? Задача дзяржаўных прафсаюзаў у іншым, упэўнены Дзяніс Садоўскі:

«Гэта арганізацыя, што выконвае дадатковую кантрольную функцыю на прадпрыемствах. Гэта арганізацыі, што не клапоцяцца аб правах працоўных. Часта кіраўнікі дзяржаўных прафсаюзаў – дырэктары гэтых жа прадпрыемстваў. То бок прафсаюзы мусяць адстойваць правы працоўных перад дырэктарам – а дырэктар жа і ёсць кіраўніком прафсаюзу».

Афіцыйная забарона дзейнасці незалежных прафсаюзаў не спыніць іх працы, заявілі ў «Рабочым руху»: «…мы працягваем змагацца за нашую долю больш рашучымі, але ўсё яшчэ мірнымі метадамі. Ніякія рашэнні рэжымных структураў не могуць нас спыніць ад супольнай барацьбы за свае правы…»

Падтрыманне беларускім працоўным выказалі і міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі. Амбасада ЗША таксама запэўніла, што разам са сваімі партнёрамі працягне падтрымліваць унутры Беларусі і за яе мяжой тых, хто змагаецца за правы працаўнікоў.