Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з мігрантамі

Лукашэнка выказаўся наконт крызісу з нелегальнаю іміграцыяй у Літву, але гэта ўжо не першы раз.

Прычым першыя два разы гэта была – ягоная ўласная ініцыятыва. Адну з такіх прамоваў, цытата, «самі будзеце іх есці і лавіць», Літва ўспрыняла як пагрозу. Пасля гэтага ні Лукашэнка, ні ягоныя паплечнікі ні разу афіцыйна датычнасці Беларусі да сітуацыі ў Літве не адмаўлялі. Сёння ж пра датычнасць Беларусі да праблемаў на літоўска-беларускай мяжы перапытаў арабскі журналіст. У адказ прагучаў напамін пра еўрапейскія санкцыі супраць Беларусі.

«Праца на мяжы і абарона ад «наркаты», нелегальных паставак зброі, нелегальнай міграцыі – гэта агромністыя грошы. Калі вы хочаце, каб мы вам у гэтым дапамагалі, так вы не накідвайце нам на шыю пятлю», – казаў Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю арабскаму журналісту.

Лукашэнка адзначыў, што ў Літве дзейнічаюць злачынныя групоўкі, якія дапамагаюць прывозіць мігрантаў.

Дапамагчы іх ліквідаваць Лукашэнка прапанаваў, цытата, «не бязвыплатна». Тым часам Літва працягвае змагацца без дапамогі Беларусі. Еўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы «Фронтэкс» накіруе 60 сваіх працаўнікоў на ахову літоўска-беларускай мяжы. Пра гэта распавёў яго выканаўчы дырэктар Фабрыс Лежэры, які сёння наведаў Літву. Разам з імі Літва чакае прыбыцця і спецыяліста ў працы з мігрантамі. Забяспечаць літоўскі бок у тым ліку тэхнічна: у краіну накіравалі 30 аўтаў і 2 верталёты.

«Але і другі важны элемент, што я сказаў, гэта мандат «Фронтэкс» у вяртанні нелегальных уцекачоў. Але гэта ўжо, канечне, пасля працэдуры разгляду статусу ўцекача», – кажа віцэ-міністр Унутраных справаў Літвы Айварас Абрамавічус.

Штодня сітуацыя на мяжы пагаршаецца. У выходныя, напрыклад, затрымалі звыш за 70 нелегальных мігрантаў. Агулам ад пачатку года – 2096, што ажно ў 26 разоў больш, чым летась. Сярод затрыманых больш за палову – грамадзяне Іраку. Кіраўніцтва іхнай дзяржавы паабяцала правесці расследаванне, каб неяк залагодзіць цяперашні крызіс.

Тым часам, Літва ўсімі дасяжнымі спосабамі спрабуе бараніць уласную тэрыторыю: мяжу абсталявалі сучаснай сістэмаю назірання, а цяпер будуюць агароджу даўжынёй больш чым паўтысячы кіламетраў. Яна пакрые амаль усю тэрыторыю беларуска-літоўскай мяжы і будзе каштаваць еўрапейскай краіне больш за 40 мільёнаў еўраў.

Надзея Бельская, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама