Лукашэнка баіцца трапіць у Гаагу?


Перспектыва міжнароднага ордара на арышт Лукашэнкі, падобна, непакоіць менскі рэжым. У эфіры дзяржаўнага тэлебачання функцыянерка Ларыса Бельская, што рэпрэзентуе Беларусь у жэнеўскім офісе ААН, вельмі востра выказалася на гэтую тэму. Рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі, у якой гаворыцца пра вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь, яна назвала гэбэльсаўскаю прапагандай. Чаму дыктатар асцерагаецца статусу міжнароднага злачынца? І ці змогуць ягоныя лабісты перашкодзіць пракурорам суда ў Гаазе?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У эфіры каналу ОНТ прадстаўніца Беларусі ў аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская адрэагавала на рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. У ёй рэжым Лукашэнкі называюць датычным да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Раней з гэтай нагоды абураўся Савет Рэспублікі. Лукашэнка публічна не выказваўся.

«Лукашэнка спрабаваў стварыць з самога сябе імідж той асобы, якая фактычна пабудавала сённяшнюю Беларусь. Таму гісторыя, звязаная з выдачай ордару на арышт і аб’яўленнем яго ў вышук, а пазней – пакараннем, для яго ёсць персанальнай паразай», – кажа намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

МЗС Беларусі атрымала каманду ўжыць усе вагары ўплыву, каб не даць Міжнароднаму крымінальнаму суду абвясціць Лукашэнку ў вышук, піша тэлеграм-канал «Беларуская выведка».

«Усе гэтыя факты будуць разглядацца з пункту гледжання права, а не з пункту гледжання таго, што нехта паспрабуе пралабіяваць і прыпыніць працэсуальныя дзеянні і дзейнасць гэтых органаў», – мяркуе Павел Латушка.

Пры гэтым арганізатары вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь не хаваюць, што дзейнічаюць са згоды Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка выступае са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Менск, Беларусь. 28 студзеня 2022 года. Кадр з відэа: president.gov.by

«Усё, што датычыць дзяржавы і нашых нацыянальных інтарэсаў, мы як грамадскія дзеячы павінныя былі недзе ўзгадняць, што я і зрабіў. Атрымаўшы згоду і падтрыманне кіраўніка дзяржавы, мы сталі працаваць над магчымасцямі адпачынку дзяцей Данбасу ў Беларусі», – заявіў у інтэрвʼю «БелТА» паралімпіец Аляксей Талай.

Лукашэнка меў перад вачыма прыклад Слабодана Мілошэвіча, былога прэзідэнта Сербіі, што трапіў пад міжнародны трыбунал. І былога лідара Судану Умара аль-Башыра, якому таксама пагражае выдача ў Гаагу.

«Гэта ўсё людзі, якіх ён асабіста ведаў, з якімі ён размаўляў. Гэта для яго не абстрактная праблема, што чалавек, які быў пры ўладзе, у выніку апынуўся ці – у выпадку Мілошэвіча – скончыў жыццё ў Гаазе», – кажа гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Міжнародны ордар на арышт яшчэ больш абмяжуе для Лукашэнкі магчымасць замежных паездак. А перадаць уладу пераемніку ў выпадку хваробы або проста немачы немаладога ўжо дыктатара стане небяспечна.

«Наступны кіраўнік краіны, нават калі гэта будзе чалавек з ягонага ўласнага атачэння, можа праз выдачу Лукашэнкі палепшыць свае стасункі з Захадам і палепшыць імідж, рэнамэ рэжыму», – мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Падобнае здарылася ў Сербіі пасля падзення рэжыму ўжо згаданага Мілошэвіча. Выдаўшы яго Гаазе, Бялград дамогся пацяплення стасункаў з заходнімі краінамі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»