Сцёкі гною і трупы жывёлы. Мінпрыроды фіксуе парушэнні ў калгасах


Міністэрства прыродных рэсурсаў праводзіць маштабныя правяранні сельскагаспадарчых аб’ектаў. І ўжо паведамляюць пра знойдзеныя сурʼёзныя парушэнні. Гэтак, на Лагойшчыне на ферме ў вёсцы Юркавічы выявілі разліў сцёкавых водаў, якія змяшчаюць гной. Праз меліярацыйныя каналы сцёкі трапілі ў раку Цна. У Мёрскім раёне гной з фермы «Папшулі» гэткім жа чынам апынуўся ў рацэ Авута. Аналагічнае парушэнне знайшлі пад вёскай Завуцце, што на Віцебшчыне.

«Калі гной трапляе ў ваду, гэта стварае небяспеку менавіта для вады, то бок яна літаральна атручваецца. І часта ствараецца такая сітуацыя, што вада пачынае зарастаць», – кажа менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко.

А вось у Докшыцкім раёне ў вёсцы Юркаўшчына акрамя расцякання гною зафіксавалі і незаконнае пахаванне трупаў быдла ў неналежных месцах. Аналагічны могільнік Мінпрыроды выявіла і ў Верхнядзвінскім раёне паблізу вёскі Вадва.

«Ёсць закон «Аб пітным водазабеспячэнні», і там ёсць акт № 26, дзе асобна сказана, што нельга ў пэўнай адлегласці ад крыніцаў вады пакідаць адкіды, у тым ліку сюды падпадаюць месцы пахавання людзей і жывёлы», – патлумачыла Паліна Бурко.

У красавіку раённае выданне «Ганцавіцкі час» паведаміла пра паморак маладняку быдла ў Пружанскім раёне, які з дапамогаю фальсіфікацыі дакументаў спрабавалі схаваць. 211 цялятаў, паводле дакументах пастаўленых у Іванаўскае райспажыўтаварыства, насамрэч або закопваліся, або спальваліся.

«Чаму хаваюць паморак быдла? Бо за гэта караюць. У нас, нажаль, няма бізнесу ў сельскай гаспадарцы, а ёсць проста вытворчыя нормы. Кіраўнікі – гэта проста часовыя менеджары, якіх могуць у любы момант пасадзіць у турму», – патлумачыў спецыяліст у сельскагаспадарчай галіне Мікалай Лысянкоў.

Раней паведамлялася, што ў дачыненні кіраўніцтва і працаўнікоў аграрнага прадпрыемства ў Пружанскім раёне, дзе хавалі гібель цялятаў, была заведзеная крымінальнай справа. Паводле інфармацыі нашай крыніцы, кіраўнік прадпрыемства быў асуджаны да аднаго года з адтэрмінаваннем. У чым жа прычына заняпаду сельскай гаспадаркі? Мікалай Лысянкоў кажа, што прычына ў зніжэнні фінансавання галіны. У 2023 годзе з дзяржбюджэту на развіццё сельскай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці было выдзелена 224 мільёны долараў, а 10 гадоў таму гэтая галіна атрымала тры з паловаю мільярды долараў бюджэтных сродкаў.

«У сельскую гаспадарку сапраўды ўкладаюцца грошы, па беларускіх мерках гэта вельмі вялікія грошы. Але калі параўнаць з нашымі суседзям, то гэта мізер», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Праблемы знайшлі і на палях. На пачатку месяца кіраўнік Менаблвыканкаму Аляксандр Турчын нават загадаў кіраўнікам раёнаў Меншчыны да канца траўня абляцець іх на верталётах, каб ацаніць сітуацыю. Для гэтых паказальных інспекцыяў чыноўнікі прыцягнулі барты МНС.

«Трэба наводзіць парадак на зямлі! Днямі, пралятаючы на верталёце над большай часткай Менскай вобласці, я адзначыў для сябе шэраг абуральных недахопаў, датычных культуры земляробства і якасці правядзення сельгасработаў», – заявіў кіраўнік МенаблвыканкамуАляксандр Турчын.

Наколькі мэтазгодныя такія правяранні з вышыні, можна ацаніць з дапамогаю прыблізнага кошту палёту. Гэтак, у райдэры дзяржаўнай кампаніі ДТСААФ, з якой у хуткім часе таксама запланаваная супраца, гадзіна на МІ-2 каштуе 2000 рублёў. А чыноўнікі ж у гэтых мэтах карысталіся эмэнэсаўскім МІ-8, які большы і, відавочна, даражэйшы.

Святлана Кубрак, «Белсат»