Вазняк: «Патрыёт сёння ў Беларусі – гэта той, хто любіць уладу»


Якую гісторыю шануюць улады, гэткія і святы адзначаюць. У Менску прайшоў фестываль, прысвечаны 100-годдзю Піянерыі, якую арганізатары назвалі не інакш як дзвюхсотмільённай сям’ёй. Якое дачыненне маюць гэтыя 200 мільёнаў піянераў да Беларусі? І навошта нашым дзецям гэткія святы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Самы маштабны, паводле арганізатараў, фестываль за ўсю гісторыю піянерскага руху сабраў у выставачным цэнтры «Белэкспа» ў Менску, зноўку ж паводле арганізатараў, усё найлепшае, найгераічнейшае, найцікавейшае і нават найсмачнейшае, што было і ёсць у піянерыі. Сёння ў сталіцы адзначалі 100-годдзе арганізацыі.

Фестываль «Тэрыторыя дзяцінства» – адна з шэрагу імпрэзаў, прысвечаных 100-годдзю піянерскага руху, спадчыннікамі якога сябе называе Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, адна з найбольш масавых дзіцячых арганізацыяў у краіне.

Між тым насамрэч сённяшнія маладзёны з чырвона-зялёнымі гальштукамі і абрэвіятурай БРПА не маюць нічога агульнага з савецкай піянерыяй, якая спыніла існаванне разам з развалам СССР, падкрэслівае сябра Цэнтральнага камітэту Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Вазняк. Дый мэты ў гэтых арганізацыяў адрозніваюцца.

«Калі гаворыцца, што адной з задачаў піянерскай арганізацыі ёсць выхаванне патрыётаў у Беларусі, мэта вельмі добрая. Але пытанне ў тым, што цяперашняя ідэалагічная вертыкаль разумее пад патрыятызмам. Я ацэньваю гэта гэткім чынам, што патрыёт сёння ў Беларусі – гэта той, хто любіць уладу», – кажа Вазняк.

Ну а хто не любіць, таго ў нашай краіне любіць прымушаюць. У медыі раз-пораз трапляюць гісторыі прымусовага запісу ў праўладныя арганізацыі БРСМ і БРПА. Нязгодных палохаюць будучымі праблемамі. «Белсат» паразмаўляў з адной маці, якая не аддала свайго сына ў піянеры. Пры гэтым жанчына папрасіла не здымаць ейнага твару – яшчэ адзін красамоўны штрых што да свабоды волевыяўлення ў нашай краіне.

«Калі ён хоча нешта зрабіць добрае, ён зробіць гэта сам – без удзелу і без указання ад дзяржавы. Таму што ўсе гэтыя структуры, на жаль, рэгламентуюцца і кантралююцца. Там няма ніякай свабоды жадання, свабоды волі. І ўсё, што адбываецца, адбываецца сілаю», – тлумачыць жанчына.

Дарэчы, адзін з лозунгаў цяперашніх юбілейных імпрэзаў гучыць наступным чынам: «Пионерии привет, пусть живет еще сто лет!»

Вось толькі ці ёсць сэнс намагацца ажывіць спадчыну даўно сканалай савецкай імперыі?

«Бабуля, якая адзявае кароткую спадніцу і банцікі, – гэта відовішча страшнаватае не таму, што яна была прыгожая 50 гадоў таму, а таму, што сёння ёй гэта не да твару. Спроба вярнуць менавіта мінуўшчыну – гэта папросту ўказанне на свядомую дэградацыю», – канстатуе расейскі пісьменнік і журналіст Віктар Шэндэровіч.

А таксама шлях не да, але ад светлай будучыні.

Валера Руселік, «Белсат»