Кірыл Валошын: Прысутнасць TUT.by у ПВТ была законная


Офіс апячатаны, журналісты рэдакцыі службы навінаў працуюць па дамах. Інфармацыя публікуецца ў сацыяльных сетках і Telegram – гэтак выглядае праца TUT.by пасля ўчорашняга разгрому.

«Паспрабуем аднавіць TUT.by, відаць, ужо на іншым дамене. Зразумела, што гэта будзе іншы TUT.by, з іншым складам раздзелаў. Але навінавая стужка на ім будзе, безумоўна, прысутнічаць», – кажа сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын.

Ператрусы ў офісе парталу і дома ў некаторых працаўнікоў адбыліся напярэдадні. Сэрверы TUT.by адключаныя, дамен заблакаваны.

Рэпрэсіі ў дачыненні незалежнага інфармацыйнага рэсурсу асудзілі амбасады Еўразвязу і ЗША, а таксама міністэрствы замежных справаў краінаў Балтыі. Літва заявіла пра гатовасць даць працаўнікам TUT.by прытулак.

«Ужо даволі шмат апазіцыйных дзеячаў і арганізацыяў знайшлі прытулак у Літве. Таму лагічна даць такую магчымасць і TUT.by. Я не выключаю магчымасці надання адмысловае дапамогі, але які б механізм не быў выбраны, яны могуць пераехаць сюды ў любы дзень», – гаворыць міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

За кратамі цяпер адзінаццаць працаўнікоў TUT.by.

Сярод іх галоўная рэдактарка Марына Золатава і гендырэктарка Людміла Чэкіна.

Статус затрыманых дагэтуль незразумелы. Сёння стала вядома пра затрыманне намесніцы галоўнага бухгалтара Марыі Новік, намесніка гендырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандра Дайнекі ды менеджара Андрэя Аўдзева.

Дасюль невядома, дзе ўтрымліваюць суўладальніцу TUT.by, удаву Юрыя Зісера Юлію Чарняўскую. Ейная дачка Яўгенія мяркуе, што маці – у закладніках.

«Мне відавочна, што маму выкарыстоўваюць сілавыя органы, каб ціснуць на TUT.by. Акрамя таго, апошнія месяцы быў ціск на акцыянераў парталу і на нашую сям‘ю з мэтай атрымання кантролю над дзейнасцю TUT.by – дзіўныя паведамленні з розных каналаў сувязі мне і маім калегам», – напісала ў Facebook Яўгенія Чарняўская.

Тэлеграм-канал ОНТ выклаў відэа ператрусу дома ў аднаго з працаўнікоў TUT.by, падчас якога знайшлі 100 тысяч долараў. Акуратна складзеныя купюры выцягваюць з вядра з сабачым кормам нават без пальчатак.

Паводле Камітэту дзяржкантролю крымінальную справу на службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі з-за недаплаты падаткаў. Маўляў, кампанія незаконна ўвайшла ў Парк высокіх тэхналогіяў і атрымала падатковыя ільготы. Сузаснавальнік Кірыл Валошын упэўнены, што іх прысутнасць у ПВТ была абсалютна законная.

«Натуральна, TUT.by уступаў на агульных падставах. Ніякіх блатаў, хабараў не дай бог. Падаваў гэтаксама план. Уступаў некалькі разоў. Уступаў у ПВТ пасля дэкрэту пра ПВТ 2:0, калі дазволілі ў тым ліку рэкламную дзейнасць заяўляць», – распавядае Валошын.

Моцны ціск на незалежную прэсу і зачыстка інфармацыйнай прасторы пачалІся пасля леташніх выбараў прэзідэнта. Інтэрнэт-рэсурсы блакавалі, газеты забаранялі друкаваць, журналістаў арыштоўвалі. Аднак на знішчэнне TUT.by улады наважыліся толькі цяпер.

«Улады ўсё ж такі ўзважвалі, таму што вельмі папулярны партал. І туды заходзіла шмат апалітычнай публікі, таму што там цэлы набор сэрвісаў. І фінансы, і надвор’е, і пошта. Але палітычныя меркаванні ўрэшце для ўладаў пераважылі. І яны вырашылі: хоць гэта будзе і грубы ўдар, але трэба зачышчаць медыйнае поле», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Калі ўлады паспрабуюць паставіць TUT.by на службу дзяржаве, пацярпяць фіяска – упэўнены эксперт. Бо на такі інфармацыйны рэсурс ніхто не будзе. Дагэтуль парталам TUT.by карысталася траціна беларусаў.

Анастасія Русецкая «Белсат»