Чарговы інвестпраект уладаў праваліўся: хто за гэта заплаціць?


Чарговы пафасны праект скончыўся правалам – улады ліквідуюць Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод. У ягонае будаўніцтва ў свой час уклалі бюджэтныя грошы і крэдытныя сродкі пад дзяржаўныя гарантыі. І гэта не першы падобны праект, які заканчваецца нічым. Чаму шматмільённыя дзяржаўныя інвестыцыі аказваюцца выкінутымі на вецер? І хто заплаціць за правальныя ідэі чыноўнікаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гучна адкрылі, а праз дзесяць гадоў ціха закрываюць. Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод каштаваў 160 мільёнаў долараў. З іх больш за 60 – банкаўскі крэдыт пад гарантыі ўраду. Прадпрыемства мела выпускаць штогод тысячы грузавых вагонаў і танк-кантэйнераў. На гэтыя аб‘ёмы так і не выйшлі. У 2017-ым завод ужо абвяшчалі банкрутам, цяпер яго канчаткова ліквідуюць. Хто ж вінаваты ў правале праекту?

«Чыноўнікі, якія не маюць ні кампетэнцыі, ні правоў нешта гарантаваць. Увогуле не павінныя зверху спускацца рашэнні што да выкарыстання мясцовага бюджэту. Гэта класічная карупцыйная схема», – мяркуе Яраслаў Кот з Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой.

На думку Яраслава Ката, такім чынам проста раскрадаліся дзяржаўныя грошы. Гэта не адзін маштабны праект, у які ўклалі бюджэтныя сродкі і які не «ўзляцеў». Больш за мільярд долараў з’ела мадэрнізацыя цэментавай галіны, і 4 мільярды – дрэваапрацоўчай. Правал напалеонаўскіх планаў прызнаваў нават Дзяржкантроль. А пра адмоўныя поспехі дрэваапрацоўвання на падставе афіцыйнай статыстыкі пісала, напрыклад, «Эканамічная газета».

«У нас няма ў дзяржаўнай галіне, нават у навуковых інстытутах разумення эканомікі. Нават Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук не разбіраецца ў асобных галінах і канкурэнтаздольнасці той ці іншай прадукцыі», – кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Агульная схема выглядае так: чыноўнікі хапаюцца за нейкі прадукт, які ў канкрэтны момант часу запатрабаваны на рынку. І пастанаўляюць інвеставаць у ягоную вытворчасць. Але пакуль ідзе мадэрнізацыя ці будаўніцтва заводаў, попыт мяняецца, і прадукт ужо не прыносіць ранейшых прыбыткаў. А дзяржаўныя грошы ўжо выдаткавалі.

«Бюджэтныя грошы не прызначаныя дзеля таго, каб дзяржава займалася бізнесам. Дзяржава мае ствараць умовы. Калі інвеставаць, то ў каворкінгі, тэхнапаркі. Або ў дарогі ды іншую інфраструктуру», – мяркуе Яраслаў Кот.

Але ўлады, падобна, не толькі не вучацца на ўласных памылках, але гатовыя рабіць новыя. Летась у траўні Лукашэнка запатрабаваў, каб старшыня кожнага райвыканкаму запусціў у сваім раёне па інвестыцыйным праекце. Нагадаў ён пра гэта і падчас сёлетняга паслання. Відаць, скокі на інвестыцыйных граблях працягнуцца. Гэтак, нядаўна ўлады Жабінкаўскага раёну прапанавалі праект пабудовы ІТ-вёскі. Што на фоне масавай эміграцыі праграмістаў выглядае дзіўна. Правалы такіх праектаў кладуцца цяжарам на дзяржаўны бюджэт, то бок на звычайнага беларуса, але ён гэта заўважыць не адразу.

«Менавіта на ягоную кішэнь цяпер гэтыя страты не ўплываюць. Але ў маштабе дзесяцігоддзяў ён мае горшы ўзровень жыцця, чым меў, калі б гэтыя інвестыцыі не адбываліся за ягоны кошт», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Стратаў ад таго самага Асіповіцкага вагонабудаўнічага заводу Генеральная пракуратура налічыла 23 мільёны еўраў, і больш за 16 мільёнаў рублёў мае скампенсаваць Міністэрства фінансаў. То бок беларускія падаткаплатнікі. Да адказнасці нікога з кіраўніцтва заводу не прыцягнулі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»