Замах з пераваротам. У змове з Масквой

Польшча і ЗША абверглі сваю датычнасць да падрыхтоўкі перавароту ў Беларусі і замаху на Аляксандра Лукашэнку, пра што заяўляў сам Лукашэнка і расейская ФСБ. Пра замах з пераваротам нават Уладзімір Пуцін пытаў у Джо Байдэна.

Нечакана і мэтанакіравана дзярж-СМІ раскручваюць новую злачынную групоўку. Цяпер і тэлеканал ОНТ:

«Спецслужбы дзеюць маланкава, бо ў іхных руках ніхто іншыя, як арганізатары ваеннага мецяжа ў Беларусі. Тут не да сантыментаў… Сілавы захоп улады, размеркаванне партфеляў і пасадаў, а яшчэ забойства галавы дзяржавы» …і гэтак далей…

Палітолаг Аляксандр Фядута, адвакат Юрась Зянковіч, былы супрацоўнік спецназу Ігар Макар, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Больш і менш вядомыя ў Беларусі крытыкі ўлады, якіх аб‘ядналі ў новую гучную справу.

Фядуту і Зянковіча ў Маскве затрымлівала ФСБ, здымкі перадало айчыннай і беларускай прапагандзе. Заявы зрабіў і Лукашэнка:

«У планах захоп дзяцей, аднаго, другога, як атрымаецца. Дарэчы, у гомельскай вобласці і склеп падрыхтавалі. Мы затрымалі групу. Яны правялі нас і паказалі, як яны гэта ўсё планавалі».

Апытаныя намі жыхары Гомельшчыны не асабліва вераць у гэтае апавяданне.

Але далей – яшчэ больш… Маўляў у Менск меліся прыбыць амерыканцы ці то з ЦРУ, ці то з ФБР, – дакладна не памятае:

«Мы заўважылі іхнае жаданне з’явіцца ў Менск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і дзяцей».

Лукашэнка заявіў, што абураны «такімі паводзінамі ЗША». Падмацаваў гэтыя выказванні – кіраўнік Крамля. У тэлефоннай размове з прэзідэнтам Джо Байдэнам Уладзімір Пуцін узняў тэму «спробы дзяржаўнага перавароту» у Беларусі, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Расеі.

«Я не думаю, што тут можна ўмоўны лад ужываць. Відавочна, што планы абмяркоўваліся абсалютна канкрэтныя і абсалютна дэструктыўныя. Гэта тое, што можна сказаць з упэўненасцю», – каментаваў Дзмітрый Пяскоў.

Правакацыяй, створанай на пару з маскоўскімі калегамі называе палітолаг Павел Усаў усю гэтую гісторыю з нібыта планаваным пераваротам і замахам. Заява Пяскова нагадала адмыслоўцу гісторыю з нібыта распятым у Данецку хлопчыкам, якая дапамагала Расеі стварыць глебу для ўзброенага ўмяшання ва Украінскі канфлікт.

«Гэта можа аформіцца ў размяшчэнне вайсковай базы ці расейскага вайсковага кантынгенту ў Беларусі, каб цалкам кантраляваць сітуацыю ў краіне і не дапусціць (нібыта такая пагроза ёсць – Belsat) уварвання НАТО на тэрыторыю Беларусі, ну а з другога боку – гэта павестка, якая будзе прадавацца заходнім краінам», – лічыць Павел Усаў.

Сённяшняя размова Пуціна з Байдэнам пра Беларусь сведчыць пра тое, што Крэмль на згоду Лукашэнкі распачынае падрыхтоўку да акупацыі Беларусі – удакладняе эксперт.

Дзярждэпартамент ЗША зрабіў, што мог – адмовіў датычнасць да гэтай гісторыі:

«Мы бачылі паведамленні ў дзяржаўных СМІ Расеі аб меркаванай змове супраць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ягоныя непасрэдныя сцверджанні аб гэтым у СМІ. Любая здагадка аб тым, што ўрад ЗША стаяў за гэтым ці быў уцягнуты ў спробу забойства Лукашэнкі, з’яўляецца абсалютна ілжываю».

Абурылася і абвергла свой удзел і Польшча, паколькі Федэральнае Бюро сцвердзіла, што ў расейскую сталіцу фігурант новай справы Юрый Зянковіч прыбыў «пасля праведзеных кансультацыяў у ЗША і Польшчы».

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама