Пакалечаныя лёсы дзяцей палітзняволеных

Касцёл заступіўся за маці пяцярых дзяцей, палітзняволеную Вольгу Залатар. Святары напісалі паручніцтвы за Вольгу ў Следчы камітэт з просьбаю спыніць крымінальны пераслед. Яна ўжо месяц утрымліваецца за кратамі. Тым часам палітвязняў у калоніях пазначаюць біркамі іншых колераў, а іхных няпоўнагадовых дзяцей размяркоўваюць у прытулкі ды апякунскія сем’і.

Сын Анатоля Маўшука Сяргей і нявестка Алена – адны з 14-ці фігурантаў «пінскай справы». Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9-га на 10-га жніўня. Пацярпелымі ў справе выступаюць больш за сотню працаўнікоў міліцыі і чыноўнікаў. Фігурантам пагражае да 6,5 гадоў калоніі.

«Калі іх асудзяць – будзе праблема: дзяцей дзець няма куды. Самае горшае, што іх можа чакаць, – гэта прытулак. Дзеці будуць успамінаць маці… Гэта такі ціск на псіхіку… Траўма псіхічная, што яны столькі гадоў не будуць бачыць ні тату, ні маму. А што дзяржава?! Вядома, возьме апеку над дзецьмі, але бацьку і маці ніхто не заменіць», – перажывае бацька Сяргея Маўшука Анатоль.

У сямʼі Маўшукоў пяцёра дзяцей, двое непаўналетніх. Для пяцігадовай Карыны цяпер шукаюць апякунская сямʼю. 10-гадовую Ангеліну ў верасні проста са школы забралі ў прытулак. Апеку над дзяўчынкаю ўзяла ейная хросная.

«Сын у шокавым стане: у яго другі раз забралі кампʼютар. Цяпер ён у бабулі, адыходзіць ад усяго гэтага. Адначасова пазбавіўся і тэлефона, і кампʼютара, на якіх вучыўся і рабіў хатнія заданні, якія яму проста неабходныя для школы», – пачынае сваю гісторыю муж Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй.

У мінулую суботу да яго прыйшлі з ператрусам. Забралі тэхніку і завялі крымінальную справу паводле артыкулу 361 «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы». Пад крымінальным пераследам таксама жонка Андрэя. Паліну Шарэнду-Панасюк вінавацяць у гвалце ў дачыненні працаўніка міліцыі. Цяпер яна чакае суда ў СІЗА, а Андрэй разам з двума малымі сынамі – Паліну дома і не разбірае без яе навагодняй ялінкі.

30-гадовая віцяблянка Ганна Куліева выхоўвае чатырох няпоўнагадовых дачок. Пасля прэзідэнцкіх выбараў Ганна, абураная агрэсіяй з боку сілавікоў, узяла ўдзел у пратэстах. За гэта яе пакаралі штрафамі, агульная сума якіх склала больш за чатыры з паловаю тысячы рублёў. Каб іх заплаціць, Ганна збіраецца браць крэдыт.

«Выхоўваем усё ж такі дзяцей – дзяўчынак. І вы ж самі разумееце – трэба і пакарміць, і абуць, і апрануць. Гэта ж мы, дарослыя, можам сабе ў нечым адмовіць. Дзецям жа не адмовіш», – дзеліцца Ганна.

Ціск праз дзяцей на семʼі, у якіх бацькі маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, – зʼява не адзінкавая.

«Па факце атрымліваецца, што ў нас караюць у першую чаргу дзяцей. І дзеці, якія ні ў чым не вінаватыя, застаюцца без апекі блізкіх і родных. Разлука з бацькамі – гэта такі боль, такая праблема і трагедыя. І па факце атрымліваецца, што нашыя ўлады ваююць з дзецьмі, а не з дарослымі», – адзначае праваабаронца Вераніка Іванова.

Маці Ангеліны і Карыны Алена Маўшук утрымліваецца за кратамі ў межах «пінскай справы» ад 10 жніўня. Жанчына цяжка перажывае разлуку з дзецьмі, і калі ў судзе пачула патрабаванне пракурора – 6,5 гадоў калоніі – напісала ў сшытку: «Я павешуся!». Родныя баяцца за стан Алены.Прысуд суддзя Яўген Брэган агучыць 30-га красавіка.

Каця Малей, «Белсат»

Глядзі таксама