Новыя і абноўленыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў


Праз паўтара месяца зноў пачнуць дзеяць санкцыі ЗША супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Вільні паведаміла амбасадарка Злучаных Штатаў у нашай краіне Джулі Фішэр.

«Спыніць аднаўленне санкцыяў можна толькі ў тым выпадку калі гвалт будзе спынены, усе людзі што знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах будуць вызваленыя і рэжым сядзе а стол перамоваў пра перадачу ўлады і правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у гэтым годзе», – кажа прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Бліжэйшымі днямі будзе вядомая і дата, калі Еўразвяз увядзе супраць беларускіх чыноўнікаў ужо чацвёрты пакет санкцыяў. Яшчэ амаль сямідзесяці асобам, датычным да рэпрэсіяў у Беларусі, пагражае не толькі забарона на ўезд у Еўразвяз, але і абмежаванні на банкаўскія рахункі.

«Калі не адбудзецца дээскалацыя рэпрэсіяў, калі палітвязні не вызваленыя і гвалт на вуліцах не спынены – санкцыі будуць толькі пашырацца. І толькі ад Лукашэнкі залежыць, каб санкцыі былі знятыя», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у замежнай палітыцы Франак Вячорка.

Апроч таго вядзецца праца над сінхранізацыяй еўрапейскіх і амерыканскіх санкцыйных спісаў. Самі па сабе санкцыі не прывядуць да дэмакратыі, падкрэслівае Франак Вячорка, але ў камбінацыі з іншымі інструментамі могуць вызваліць палітвязняў і спыніць гвалт.

Развязаць жа праблемы Беларусі могуць толькі грамадзянская супольнасць і працяг пратэстаў, – мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«А санкцыі, дапамога Еўразвязу, ЗША і гэтак далей – гэта толькі адзін са шматлікіх фактараў, якія могуць дапамагчы нам, калі мы самі ведаем, што рабіць».

Адначасова з пашырэннем санкцыяў Еўразвязу і Злучаных Штатаў адбываецца візіт міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея ў Швейцарыю. Паводле афіцыйнай версіі, паездка звязаная з удзелам у 69-й сесіі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН і сустрэчамі з шэрагам еўрачыноўнікаў, сярод якіх Вярхоўны камісар ААН у пытанні правоў чалавека.

«У фокусе ўвагі – актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня ў сферах дзейнасці контрпартнёраў, беларускі падыход да праблемаў, якія ўваходзяць у зону адказнасці кожнай з названых арганізацыяў, а таксама іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць», – адзначаецца ў прэс-рэлізе МЗС Беларусі.

Уладзімір Мацкевіч перакананы, што ААН не можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, пакуль тая не пагражае суседзям:

«Калі б Беларусь стала ўдзельніцай вайны Расеі супраць Украіны, то тады ААН мог бы адрэагаваць, і то вельмі слаба. А санкцыі і іншыя падобныя дзеянні могуць прымаць іншыя структуры, кшталту Еўразвязу».

Але, мяркуе Франак Вячорка, насамрэч гэта санкцыі дзеюць, і таму Уладзімір Макей едзе ратаваць сітуацыю:

«Мэта – гэта патлумачыць, чаму яны б’юць людзей у турмах, і апраўдаць гэты гвалт: маўляў, мы не вінаватыя, гэта крымінальнікі, гэта злачынствы. Але ніякай дабрачыннай высакароднай мэты за яго візітам няма».

Палітвязнямі ў Беларусі праваабаронцы прызналі 354 чалавекі. І гэты спіс увесь час пашыраецца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»