3,5 года калоніі за лялькі і абразу Лукашэнкі


Да 3 гадоў і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне тром магілёўцам агучыў суддзя Круглянскага раённага суда Магілёўшчыны Дзмітрый Сасноўскі. Вырак – за абразу Лукашэнкі і злоснае хуліганства.

«Я не здзяйсняла ніякіх злачынстваў – я лічу, што я пераследуюся незаконна», – казала падчас разгляду справы адна з абвінавачаных Вольга Клімкова.

8 «Магілёўскіх партызанаў» затрымалі яшчэ ў лістападзе за лялькі чыноўнікаў. Меркавана, адна з іх была падпісаная «Лукашэнка». Да суда ў крымінальнай справе дайшлі толькі трое. Судовы працэс зрабілі закрытым. Журналісты змаглі трапіць толькі на першае і апошняе паседжанні.

«Самі касцюмы ў мяне былі з працы – я іх набіў саломай і прывёз. – Што такім чынам хацелі паказаць? – Такім чынам сваю палітычную пазіцыю нязгоды», – такі дыялог ананімнага сілавіка і затрыманага Максіма Сяргеенка паказалі на youtube-канале «МУС Беларусі».

За допісы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», якія суд таксама прызнаў абразаю Лукашэнкі, пакаралі двух чалавек: жыхар Бялыніцкага раёну атрымаў 1 год «хіміі», а жыхарка Стоўбцаў – 2 гады «хатняй хіміі».

У судзе Маскоўскага раёну Менску ў справе «Белгазпрамбанку» апыталі намеснікаў Віктара Бабарыкі Аляксандра Ільясюка і Сяргея Шабана.

«Стварэнне бачнасці нейкай справы, скажам так, пералічэнне гэтых тамоў бясконцых, нібыта там ёсць нешта важнае або злачыннае, хаця па факце там нічога няма – ні аб чым. У любога з нас можна ўзяць нейкія рэчы дома, пазбіраць, зрабіць вопіс – і будзе ўражанне, нібыта ты ў чымсьці вінаваты», – падзяліўся сваім уражаннем прысутны на судзе Аляксандр.

Раней намеснікі Бабарыкі не лічылі, што робяць нешта заганнае, але цяпер на судзе распавялі пра атрыманне, цытата, «незаконнага грашовага ўзнагароджання». Маўляў, паміж абвінавачанымі была дамова аб атрыманні прыбыткаў у выглядзе дывідэндаў ад уладання замежнымі кампаніямі.

«Мая кампанія працавала з «Белгазпрамбанкам», і я проста разумею, што такое атрымаць там крэдыт, мы ў прынцыпе гэта рабілі, і колькі трэба дакументаў, колькі трэба ўзгадненняў. Таму ўсе гэтыя высновы следства аб нейкім там пратэкцыянізме нейкім там кампаніям – значыць, яны проста не ўяўляюць, як працуе банк», – кажа Марына, якая таксама наведала сёння паседжанне ў справе «Белгазпрамбанку».

Раней Віктар Бабарыка заявіў, што былыя калегі агаварылі яго пад ціскам у СІЗА КДБ. Сам жа банкір даваць тлумачэнні адмовіўся і назваў справу палітычна матываванай.

«Я лічу сваім абавязкам прыйсці, паслухаць, што адбываецца, на чым будуецца абвінавачванне, ці сапраўды ўсё так. Ну, пакуль нічога сур’ёзнага наогул не бачу, бачу, што чалавек проста рабіў сваю працу і за гэта цяпер яго судзяць», – кажа прысутны на судзе Уладзімір.

У Чавусах жа распачаўся суд над кіраўніком ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў Магілёўскай вобласці Уладзімірам Дударавым. Яго, як і топ-менеджараў «Белгазпрамбанку», затрымалі 11 чэрвеня.

Тры гады «хатняй хіміі» для валанцёркі і маці траіх дзяцей Ганны Сунгуравай патрабуе дзяржаўны абвінаваўца Зубко. У судзе Першамайскага раёну Менску прайшлі спрэчкі ў яе справе. Ганну вінавацяць паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу – за актыўны ўдзел у мірных мітынгах.

«У нас няма справядлівасці, пакуль у нас няма справядлівасці. Так могуць любога і кожнага затрымаць і прадʼявіць усё, што заўгодна», – каментуе маці Ганны Анжэла Юркевіч.

Згодна абвінавачванню, 9 і 10 жніўня Ганна была ў натоўпе, рабіла гучныя выклікі і перашкаджала нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і транспарту. Ёй выставілі грамадзянскі пазоў на 2361 рубель. Сваёй віны Ганна не прызнала, а ў апошнім слове проста падзякавала ўсім за падтрыманне сваёй сямʼі.

«Проста аказалася не ў той час не ў тым месцы. Яна проста ехала на машыне дадому і нейкім чынам, мабыць, там аказалася 9 ці 10-га, калі ўсё адбывалася», – лічыць суседка Ганны Яўгенія.

Адвакат Ганны просіць для яе апраўдальнага выраку. Ужо заўтра аб 11-й гадзіне суддзя Святлана Чараповіч агучыць сваё рашэнне.

Ірына Карніенка, «Белсат»